2012-05-19 16:46:33

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (ХІ)


RealAudioMP3 Тэма апошніх нашых перадачаў - літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Сёньня працягваю распавядаць пра гадзіны – малітвы, якія дапаўняюць сутачнае кола багаслужэньняў. У мінулай перадачы мы пазнаёміліся з гадзінай першай, а сёньня мы пазнаёмімся з тымі, што нам засталіся.

Трэцяя, шостая і дзевятая гадзіны

Трэцяй гадзінай звычайна моляцца каля дзевятай гадзіны раніцы. У гэтай малітве Царква ўзгадвае зыход Сьвятога Духа на Апосталаў у дзень Пяцедзесятніцы. Знаходзяцца тут Псалом 16(17), Псалом 24(25) і пакутны Псалом 50(51).

Шостай гадзінай належыць маліцца каля поўдня. Прыгадвае яна сваімі тэкстамі пра ўкрыжаваньне Госпада наша Ісуса Хрыста. Тут знаходзяцца месіянскі Псалом 54(55), які вельмі дарэчы апісвае пачуцьці здраджанага Хрыста:

Калі б мяне скрыўдзіў вораг, я б сьцярпеў; * і калі б той, што ненавідзіць мяне, пышыўся перада мною, я б схаваўся ад яго.
Але ты, чалавеча аднадумны, * настаўнік мой і знаёмы мой,
З якім разам дзялілі слодыч застольля, * разам хадзілі ў дом Божы [...]
Я ж клікаў Бога, * і Госпад пачуў мяне.
Увечары, раніцай і апоўдні буду казаць і абвяшчаць, * і Ён пачуе мой голас.

Далей ідзе Псалом 90(91), у якім сустракаем такія словы:

Не збаішся жаху начнога, * ні стралы, што ляціць удзень;
Ні страху, што крыецца поцемкам; * ні напасьці і беса паўдзённага.

«Бес паўдзённы» азначае асабліва моцную спакусу, сухасьць. Пслалом апісвае перамогу над спакусамі Хрыста, а за ім хрысьціяніна, які ідзе за ім ўслед:

На аспіда і базыліска наступіш * і патопчаш льва і зьмяю.

Дзевятая гадзіна (моляцца ёй каля 15 гадзіны) прыгадвае пра сьмерць Ісуса на Крыжы. Псалом 83(84) гаворыць, што нягледзячы ні на што, крыніцай шчасьця і надзеі ёсьць Бог:

Душа мая ўздыхае і тужыць па дварах Гасподніх, * Сэрца і цела мае ўзрадаваліся ў Богу жывым.
Бо і верабей знахойшоў жытло сабе , * і галубка гняздо, дзе пакласьці птушанятаў сваіх, ля аўтароў тваіх, * Уладару мой і Божа мой.
Шчасьлівыя, што жывуць у доме тваім, Госпадзе: * вечна будуць яны славіць Цябе.
Шчасьлівы той, хто мае Цябе памочнікам, Госпадзе, * хто ў сэрцы наважыўся ўзысьці да сьвятыні,
ідучы далінаю плачу да месца прызначэньня; * бо там Заканадавец дасьць блаславеньне.[...]
Госпаде сілаў, * шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца.

Іншыя малітвы на гадзінах

Акрамя звычайнага пачатку ды групы трох псалмоў, да структуры кожнай гадзіны належаць таксама блок трапароў, блок малітваў ад «Сьвяты Божа» па «Ойча наш» уключна і 40 разоў малітва «Госпадзе, зьмілуйся». Пасля яе чытаецца малітва «Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа» (па славянску - «Иже на всякое время»). Гэта малітва прыпісваецца аўтарству сьв. Васіля Вялікага, але ня ўсе Часасловы яе ўтрымліваюць. Напрыклад у сучасных грэцкіх тэкстах яна адсутнічае. Зрэшты ёсьць яна вельмі прыгожай і зьмястоўнай, вось паслухайце:

Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную гадзіну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую гадзіну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё нашае да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, розум выправі, думкі ачысьці; выбаў нас ад усялякага суму, болю і ліха; ахіні нас сьвятымі Тваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, дасягнулі еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты – блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Пасля гэтай малітвы наступае заканчэньне і водпуст. Водпуст на кожнай гадзіне папярэджвае малітва, якая нібы падсумоўвае тэматычныя разважаньні. Для прыкладу паслухайце малітву, што зьмешчана на дзевятай гадзіне, на якой мы ўзгадваем пра сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы:

Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, даўгацярплівы да нашых правінаў, Ты прывёў нас аж да гэтай гадзіны, калі, вісячы на жыцьцядайным дрэве, Ты разумнаму разбойніку ўчыніў уваход у рай і разбурыў сьмерцю сьмерць. Ачысьці нас грэшных і нягодных слугаў Тваiх, бо мы зграшылі і чынілі беззаконьне, і нявартыя ўзьняць вочы нашыя і глянуць на вышыню нябесную, бо мы пакінулі дарогу праўды Тваёй і хадзілі, куды вяло нас сэрца нашае. Але молім Тваю бязьмерную дабрыню: пашкадуй нас, Госпадзе, паводле мноства міласьці Тваёй і збаў нас дзеля імя Твайго сьвятога, бо дні нашыя прапалі ў марнасьцi. Вызвалі нас з рукі праціўніка, адпусьці нам грахі нашыя, i умярцьві цялеснае нашае мудраваньне, каб мы, адклаўшы старога чалавека, у новага апрануліся і жылі дзеля Цябе, Уладара і Дабрачынца нашага; і вось так ідучы за тваімі прыказаньнямі, дасягнулі вечнага супакою, дзе ёсьць жыльлё для ўсіх тых, што радуюцца. Бо Ты – сапраўды праўдзівая радасьць і весялосьць тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і Табе ўзносім славу, з беспачатным Тваім Айцом i з усесьвятым, добрым i жыватворчым Тваім Духам цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.







All the contents on this site are copyrighted ©.