2012-05-17 13:07:52

Урокі рэлігіі ў школах Беларусі: закладанне ментальнай матрыцы – падставы культуры і дзяржаўнасці народа


RealAudioMP3 Грыгорый Даўгяла, асоба вядомая ў Беларусі. Перш за ўсё, у сферы хрысціянскай адукацыі. Яго ведаюць па шматлікіх праектах, звязаных з міжхрысціянскім і міжрэлігійным дыялогам, як іх натхняльніка і рэалізатара. Многія з іх адбываюцца на базе адной з самых цікавых навучальных устаноў краіны, Інстытута тэалогіі БДУ, загадчыкам Цэнтра міжнародных зносін якога і з’яўляецца Грыгорый Даўгяла. Інстытут рыхтуе і выпускае маладых людзей з дымломам тэолагаў і рэлігіязнаўцаў. У апошнія дні спадар Даўгяла знаходзіўся ў Рыме, чым скарысталіся мы, запрасіўшы яго ў нашу студыю.

Грыгорый Анатольевіч, Інстытут тэалогіі БДУ – што гэта за ўстанова, чым займаецца? Магчыма, крыху гісторыі.

Гэта фактычна факультэт тэалогіі, які мае пэўныя элементы аўтаноміі, мае свайго рэктара, адсюль і назва – Інстытут тэалогіі. Яго мэта – падрыхтоўка спецыялістаў-тэолагаў, свецкіх вернікаў, арыентаваных у першую чаргу не на душпастырскую працу (хаця і такое таксама магчыма і рэалізуецца), а на працу ў сферы адукацыі, культуры, сродкаў масавай інфармацыі. Тут рыхтуецца хрысціянская інтэлігенцыя. У адрозненні ад духоўных акадэмій і семінарый, у нашым Інстытуце вучацца дзяўчыны, у нас іх прыкладна больш за палову. Інстытут тэалогіі быў створаны ў 2004 г., фактычна ён з’яўляецца наступнікам факультэта тэалогіі былога Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Рэктарам Інстытута з’яўляецца Мітрапаліт Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, ён таксама з’яўляецца старшынёй навуковай рады і кіруе нашай установай. Па канфесійнаму складу большасць выкладчыкаў – праваслаўныя, але ёсць і католікі, сярод іх два каталіцкіх святары. Сярод нашых студэнтаў – таксама большасць праваслаўных, ёсць таксама і католікі, зрэдку прыходзяць вучыцца студэнты-пратэстанты. Маладыя людзі, якія навучаюцца ў нас, разумеюць, што прыходзяць атрымліваць адукацыю, якая не будзе звязана з матэрыяльнай кар’ерай, відавочным “ракетаносьбітам”.

Хто ён, сённяшні беларускі студэнт-тэолаг?

Гуманітарый, які яшчэ са школы зацікавіўся пытаннямі гісторыі, філасофіі. З пункту гледжання светапогляду – гэта чалавек, які зацікавіўся пытаннем сэнсу жыцця, свайго месца ў гэтым свеце, месца чалавецтва ў гэтым космасе, у Сусвеце, гэта хлопцы і дзяўчаты з, можна сказаць, панарамным поглядам на жыццё.

Вы з’яўляецеся адным з арганізатараў буйных міжнародных рэлігійных форумаў. Яны адбываюцца раз у два гады ў Мінску. Ужо прайшлі сустрэчы, прысвечаныя адносінам хрысціянства і юдаізма, хрысціянства і іслама, і ў прошлым годзе прайшоў буйны форум, прысвечаны каталіцка-праваслаўным адносінам.

Гэта ідэя з’явілася 15 гадоў таму, натхняльнікам быў наш кіраўнік, рэктар, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі. Мэта гэтай ініцыятывы – стварэнне сеткі спецыялістаў, багасловаў розных хрысціянскіх канфесій, якія працуюць у падобнай праблематыцы. Яшчэ адна мэта, якая прымыкае да гэтай, – аб’яднанне саміх праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх багасловаў, якія прадстаўляюць розныя еўрапейскія краіны, якія часам незнаёмыя паміж сабой, такое бывае. Задача – зрабіць Беларусь месцам сустрэчы такіх спецыялістаў. Другая мэта – гэта дапамагчы нашай краіне, Рэспубліцы Беларусь, выйсці на якасна новы ўзровень такога дыялога; фактычнае развіццё гуманітарных навук, якія прымыкаюць да тэалогіі і рэлігіязнаўства. Гэта месца сустрэчы з гуманітарнай інтэлігенцыяй, з багаслоўскімі навукамі, з багаслоўскімі ідэмі. Ні для каго не сакрэт, што ўніверсальны погляд на соцыўм нараджаецца ў недрах універсітэцкага падыходу, дзе ўлічваюцца ўсе пункты гледжання – і навук натуральных, і гуманітарных, і тэалогіі. Менавіта на такім падмурку ў Сярэднявеччы і ўзніклі ўніверсітэты. Трэці момант – гэта дыялог розных рэлігій і канфесій. Мы жывём у глабальным свеце, свеце, дзе не існуе ўжо нейкага аддаленага суседства розных культур. Мы жывём у рэжыме ўзаемадзейнага суседства розных рэлігій і нацыянальных культур. Мы жывём і ў нашай краіне ў такім рэжыме. І вельмі часта мы не ўяўляем сабе, хто наш сусед па лесвічнай клетцы з пункту гледжання яго ментальнасці, светапогляду. Прадстаўнікі іслама, індуізма, буддызма, юдаізма жывуць побач з хрысціянамі, якія таксама могуць прадстаўляць розныя канфесіі. Нам вельмі-вельмі важна мець спецыялістаў, якія змогуць дэлікатна, акуратна, тонка знайсці падыходы да таго ці іншага чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Як раз канферэнцыі і сталі своеасаблівымі інкубатарамі ідэй, праектаў, сталі каталізатарамі сустрэч спецыялістаў не толькі розных канфесій, але і рэлігій.

Выкладчыкі Інстытута тэалогіі БДУ ўдзельнічалі ў распрацоўцы праграмы выкладання рэлігіі ў школе. Я маю на ўвазе Беларусь. Гэта была вельмі гучная навіна, былі вялікія перспектывы, па словах дзеячаў палітычных і таксама царкоўных, і ў пэўны момант пытанне знікла. На якім этапе зараз справа з выкладаннем рэлігіі? Ці ўвогуле ёсць перспектывы таго, што беларускія дзеці будуць мець магчымасць пазнаёміцца з хрысціянствам на базе школы?

Так, сапраўды, у тым ліку супрацоўнікі нашага інстытута і прадстаўнікі Беларускага Экзархата прымалі ўдзел у мерапрыемствах па падрыхтоўцы варыянта праграммы выкладання, я б назваў, урокаў рэлігійнай культуры ў школе. Сапраўды, пытанне абмяркоўвалася на вельмі высокім узроўні, у тым ліку ў Міністэрстве адукацыі. Па нейкіх фармальных прычынах пакуль што вырашэнне гэтага пытання адкладзена. З другога боку, ідзе працэс укаранення факультатываў, але, нажаль, не дысцыпліны, якая б з’яўлялася па выбару, але ўсё ж абавязковай часткай адукацыйнага працэсу. Маецца на ўвазе, калі ты выбраў асновы рэлігійнай культуры, ты абязаны вывучаць і адзнаку атрымаць. Дысцыпліна гэта не будзе навязвацца, паралельна будуць вывучацца асновы свецкай этыкі, згодна з жаданнем бацькоў, а з нейкага ўзросту – па жаданні саміх дзяцей. Адразу трэба абвергнуць чуткі, калі казалі, што Царква хацела навязаць. Не!

Пакуль што праца вядзецца ў фармаце факультатываў. На месцах, дзе ёсць ініцыятыва кіраўнікоў школ, ініцыятыва бацькоў, такія факультатывы існуюць. Але, вядома, мы лічым, што гэтага не дастаткова, што на самой справе нашы дзеці не падрыхтаваныя да выхаду “на вуліцу”. “Вуліца” зараз такое ёмкае слова, якое прадугледжвае ў тым ліку і шырокі рынак рэлігійнай прапановы. Іншымі словамі – гэта і лаўцы чалавечых душ, секты; і нашы дзеці сустракаюцца з імі і на вуліцы, і на дыскатэцы, і ў кінатэатры. Гэта першы момант. Другі момант – гэта пошукі сэнсу жыцця. Мы павінны закласці ў нашых дзяцей нейкую ментальную матрыцу, дзякуючы якой фарміравалася б культура і дзяржаўнасць беларускага народа, тое, на чым базуецца наша стабільнасць псіхалагічная, наша стабільнасць сацыяльная. Калі мы не ўкладзем гэты, так бы мовіць, канструкт у нашых дзяцей, гэта адаб’ецца небяспекай не толькі для саміх дзяцей, але і для грамадства.

Забароннымі мерамі ў плане нейкіх экстрэмісцкіх рэлігійных веравучэнняў праблему не вырашыць, гэта антыбіётык. Асноўная задача зараз – увесці, модны зараз у медыцыне тэрмін, прабіётык, станоўчыя мікраарганізмы. Таксама і веды аб рэлігіі, зразуменне, на чым грунтуецца рэлігійная культура твайго народа – гэта такі прабіётык, які сапраўды выцесніць на перыферыю і абочыну тыя негатыўныя моманты, з якімі можа сустрэцца дзяцяці ці малады чалавек. Мы не хочам навязаць і усіх прывесці ў Царкву на вяроўцы, як кажуць, сілай. У чалавека ўнутры хаця б латэнтна павінен знаходзіцца нейкі “гераскоп”, які ў патрэбны момант дапаможа ўтрымаць правільную арыетацыю ў складанай сітуацыі – або асабістай, або сацыяльнай. У гэтым павінна быць зацікаўлена і сама дзяржава. Таму, я думаю, што раней ці пазней і Міністэрства адукацыі і традыцыйныя канфесіі вернуцца да гэтага пытання.

Жадаем Вам вялікіх плёнаў у працы. І скажыце, калі ласка, якім чынам патэнцыйны студэнт можа знайсці вас і паступіць у ваш Інстытут

Выкарыстоўваючы момант, хачу запрасіць абітурыентаў, маладых людзей, якія заканчваюць у гэтым годзе школу, і не толькі ў гэтым годзе, паступаць да нас ў Інстытут тэалогіі, пры чым праваслаўных і католікаў. Паступаюць да нас згодна з агульнапрынятымі правіламі: мы прымаем вынікі адзінага дзяржаўнага экзамену, ёсць асабістая размова, якая звязана з вызначэннем узроўню рэлігійных і біблійных ведаў, патрэбна таксама і рэкамендацыя святага, праваслаўнага ці каталіцкага, калі малады чалавек з’яўляецца католікам. На нашым сайце http://inst.bsu.by можна атрымаць інфармацыю і знайсці тэлефоны Інстытута.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.