2012-05-17 13:45:22

Бэнэдыкт XVI: эгаізм, замкнёнасць на сабе і накіраванасць на зло, руйнуюць жыццё чалавека


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прысутнічаў учора на ватыканскай прэм’еры фільма “Марыя з Назарэту”. Святы Айцец падзякаваў яго творцам за імкненне раскрыць вобраз Божай Маці, што з’яўляецца само па сабе вельмі складаным заданнем. Папа заўважыў, што ў фільме перасякаюцца лёсы трох жанчын: “Ірадыяды, замкнёнай у сабе, у сваім свеце, якая не можа падняць вочы, каб прачытаць знакі Бога і не падпарадкавацца злу”; Марыі Магдалены, у жыцці якой наступае момант навяртання, калі яна сустракаецца з Езусам, якому адкрывае сэрца і змяняецца. Святы Айцец заўважыў, што ў цэнтры стужкі стаіць вобраз Марыі з Назарэта, якая адчувала лучнасць з Хрыстом, як сваім сынам, хоць дакладна ведала, што ён – Бог. “Яе вера і любоў настолькі вялікія, што яна прымае і выконвае сваю місію, паўтараючы Богу: “Вось я” ад Звеставання да Крыжа”, - заўважыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што ў фільме сустракаюцца тры пачуцці, якія руйнуюць жыццё: эгаізм, замкнёнасць на сабе або матэрыяльных рэчах і накіраванасць на зло. Але Бога гэта не спыняе, Ён прыйшоў, каб застацца ў нашым асяроддзі, чакае нас, калі мы памыляемся, і ласкава просіць нас ісці за Ім. І Марыя з Назарэту з’яўляецца знакам гэтага, падкрэсліў Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.