2012-05-16 14:11:15

Бэнэдыкт XVI: чым больш мы ідзём наперад у слуханні Бога, тым больш разумеем сэнс нашай абмежаванасці


RealAudioMP3 “Ніводны чалавечы вокліч не бывае не выслуханы Богам”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме. Сваю сённяшнюю катэхезу Пантыфік прысвяціў тэме малітвы ў Пасланнях апостала Паўла. Папа нагадаў, што гэтыя тэксты ўтрымліваюць вялікі спектр малітваў: падзякі і благаслаўлення, праслаўлення і просьбы, малітвы аб заступніцтве, гімны і заклікі. “Адметнасць формаў паказвае нам, як малітва прысутнічае і прасякае ўсе сітуацыі жыцця, як асабістага, так і супольнага”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Папа звярнуў увагу на некаторыя аспекты, што падкрэсліваў св. Павел: па-першае, што “малітва не павінна разглядацца, як добрая справа, якую мы чынім у адносінах да Бога, але як дар, плён жыватворчай прысутнасці Айца і Езуса Хрыста ў нас”; па-другое, , “у малітве, больш чым у іншых вымярэннях існавання, мы перажываем уласную слабасць, беднасць, адчуваем сябе стварэннямі, бо стаім перад абліччам усемагутнасці і трасцэндэнтнасці Бога”.

“Чым больш мы рухаемся наперад у слуханні Бога, каб малітва стала штодзённым дыханннем нашай душы, тым больш разумеем таксама і сэнс нашага абмежавання, не толькі перад канкрэтнымі штодзённымі сітуацыямі, але таксама і ў нашых адносінах з Богам”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што дапамогу ў малітве нясе Святы Дух, які асвятляе розум і распальвае сэрца, скіроваючы нас да Бога. Затым Бэнэдыкт XVI вылучыў тры наступствы дзейнасці Духа Хрыста у нашым хрысціянскім жыцці.

“Перш за ўсё праз малітву, натхнёную Святым Духам, мы трапляем у такі стан, калі можам пакінуць любыя формы страху і рабства, і жыць сапраўднай свабодай дзяцей Божых”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што сапраўдная свабода заключаецца ў тым, каб быць у стане па-сапраўнаму ісці за жаданнем дабра, сапраўднай радасці, адзінства з Богам і не быць прыгнечанымі абставінамі, якія вядуць нас у іншых накірунках.

Другое наступства прысутнасці Святога Духа ў нашым жыцці, паводле Пантыфіка, праяўляецца ў твм, што адносіны з Богам становяцца настолькі глыбокімі, што ім не можа пагражаць ніякая рэальнасць ці сітуацыя.

“Тады разумеем, што з малітвай мы не вызваляемся ад выпрабаванняў і цярпення, але можам жыць імі ў адзінстве з Хрыстом, з яго мукамі, у перспектыве ўдзелу таксама і ў Яго хвале. Шмат разоў у нашай малітве, мы просім у Бога вызваліць нас ад фізічных і духоўных пакутаў, і робім гэта з вялікім даверам. Аднак часта маем уражанне, што мы не былі пачутыя, і тады ўзнікае рызыка роспачы і занядбання. Але ў рэальнасці ніводзін вокліч чалавека не бывае не пачутым Богам і менавіта ў пастаяннай і вернай малітве мы разумеем разам са св. Паўлам, што “цяперашнія пакуты не перашкаджаюць будучай хвале, якая адкрыецца ў нас”, - сказаў Папа.

Наступным, трэцім вынікам прысутнасці Святога Духа ў нашай малітве, паводле Святога Айца, з’яўлецца адкрытасць на ўсё чалавецтва і ўсе стварэнні. “Гэта значыць, што малітва, падтрыманая Духам Хрыста, які прамаўляе глыбока ўнутры нас, не застаецца закрытай у сабе самой, не з’яўляецца толькі малітвай за мяне, але адкрываецца на дзяленне, на пакуты нашага часу і іншых”, - сказаў Папа. Пантыфік адзначыў, што сапраўдная малітва не заканчаецца на нас саміх. Яна вызваляе кожнага і дапамагае ў збаўленні свету, адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.