2012-05-14 13:54:18

Папа: агульнае дабро важнейшае за асабісты інтарэс


RealAudioMP3 Бэнэдыкт ХVI наведаў 13 мая італьянскую Таскану. Апошнім пунктам візіту стала сустрэча Пантыфіка з жыхарамі горада Сансэполькра. Яна прайшла на гарадской плошчы. Папа нагадаў аб 1000-гадовым юбілеі, які горад адзначае сёлета. Паводле яго, гэта добрая нагода, каб паразважаць аб сведчанні любові жыхароў Сансэполькра ў іх штодзённым жыцці. “Сёння асабліва важна, каб служба Касцёла для свету выражалася ў дзейнасці вернікаў – свецкіх асоб, свядомых сваёй місіі, здольных дзейнічаць у сучасным свеце не шукаючы асабістага інтарэсу”, - падкрэсліў Папа. Ён адзначыў, што сумеснае дабро стаіць вышэй за дабро адзінкі. У сувязі з гэтым, павінна нарадзіцца новая грамадская этыка, і хрысціяне павінны ўнесці свой ўклад у гэта. Пантыфік узгадаў маладых людзей і цяжкасці, якія яны перажываюць у сучасным грамадстве. Папа запрасіў маладое пакаленне не замыкацца ў саміх сабе, але дапамагаць іншым. Паводле Святога Айца, моладзь павінна думаць маштабна, каб прымаць правільныя рашэнні ў жыцці. “Будзьце гатовымі даць новы подых усёй грамадзянскай супольнасці, з разважнай сумленнасцю і самаадданым альтруізмам. Трэба знайсці моцную матывацыю, каб служыць на карысць грамадзян”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт ХVI падзякаваў жыхарам Сансэполькра за іх дапамогу Святой Зямлі. “Прымаючы пад увагу вашу багатую духоўную спадчыну, будзьце жывым Касцёлам, які служыць Евангеллю. Будзьце гасцінным і вялікадушным Касцёлам, які сваім сведчаннем нясе любоў Бога кожнаму чалавеку, асабліва церпячым і патрабуючым”, - сказаў на развітанне Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.