2012-05-13 13:54:08

Семінарысты з ЗША перамаглі ў “Clericus Cup 2012”


RealAudioMP3 Каманда пад назвай “Паўночнаамерыканскія мучанікі” выйграла сёлета ў футбольным турніры “Clericus Cup” сярод рымскіх калегій і ўніверсітэтаў. У фінале семінарысты Папскай паўночнаамерыканскай калегіі з лікам 3-0 перамаглі каманду Грыгарыянскага ўніверсітэта. Кубак пераможцам уручыў арцыбіскуп Джавані Анджэла Бэчу, субстытут Апостальскай Сталіцы. Ён сказаў, што абавязкова распавядзе Папе пра гэты “прыгожы і эмацыйны дзень спорту”. Сярод балельшчыкаў футбольнага матчу на стадыёне побач з Ватыканам быў таксама арцыбіскуп Сіднэя кардынал Джордж Пэлл.

У сёлетнім турніры прынялі ўдзел 16 каманд, у якія ўвайшлі ў агульнай складанасці 351 семінарыст і святар з 71 краіны. Падчас гульняў было раздадзена 42 жоўтых і 2 чырвоныя карткі. “Clericus Cup 2012” стаў шостым па ліку, арганізаваным Каталіцкай спартыўнай федэрацыяй Італіі (CSI). Ідэя турніру ўзнікла ў кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ.







All the contents on this site are copyrighted ©.