2012-05-12 11:38:13

Бэнэдыкт XVI пра творчасць Вівальдзі і Вердзі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на малавядомы бок творчасці Антонія Вівальдзі, якога ведаюць па “Чатырох сезонах”. Значнае месца ў ёй займае духоўная і сакральная музыка. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца яго “Magnificat”. Менавіта гэты твор прагучаў 11 мая ў Ватыкане ў прысутнасці Святога Айца. Канцэрт стаў падарункам італьянскага прэзідэнта Напалітала да 7 гадавіны пантыфікату Бэнэдыкта XVI. “Magnificat” – песня Марыі – паказвае, што “Бог мае свой “стыль”, які адрозніваецца ад чалавечага, бо Ён абірае бок апошніх, каб даць ім надзею”, - адзначыў Пантыфік. На думку Святога Айца, “музыка Вівальдзі выказвае хвалу, радасць, падзяку, а таксама захапленне Божым стварэннем, з незвычайным багаццем пачуццяў”. Пантыфік звярнуўся да асобы і спадчыны яшчэ аднаго знакамітага кампазітара, Джузэпэ Вердзі, творы якога “Stabat Mater” і “Te Deum” таксама прагучалі падчас канцэрту ў Ватыкане. Паводле Папы, музыка італьянскага кампазітара адлюстроўвае істоту цярпення пад крыжам, “яна нібыта ўбірае ў сябе словы, каб выказаць найбольш інтэнсіўным чынам тое, што змяшчае шырокая гамма пачуццяў”. Бэнэдыкт XVI заўважыў, што да фінальнай страфы твору, адчуваецца інтэнсіўная і магутная малітва да Бога аб тым, каб душа атрымала хвалу Раю, “апошняга імкнення чалавецтва”.

У “Te Deum” Вердзі Папа бачыць не столькі песню перамогі, колькі паслядоўнасць сітуацый: першапачатковага захаплення, затым перапрашэння і, нарэшце, просьбы. Святы Айцец звярнуў увагу, што творы “Stabat Mater” і “Te Deum” былі напісаны кампазітарам не для публікацыі, але выключна для сябе. Больш таго, Вердзі жадаў, каб на яго пахаванні гучаў “Te Deum”.

Бэнэдыкт XVI на заканчэнне падзякаваў Джорджа Напалітана і ўсім арганізатарам канцэрту, асаблівым чынам дырыжору Рыкарда Муці, які кіраваў аркестрам і хорам Рымскай оперы. Пасля канцэрту Пантыфік уручыў італьянскаму маэстра Вялікі рыцарскі крыж св. Грыгорыя Вялікага – высокую папскую ўзнагароду, якая прызнаецца за выключныя заслугі перад Касцёлам.







All the contents on this site are copyrighted ©.