2012-05-11 12:35:47

Вынікі Апостальскай візітацыі: змена складу настаяцеляў Ірландскай калегіі ў Рыме


RealAudioMP3 Тры з чатырох настаяцеляў Папскай ірландскай калегіі ў Рыме павінны сысці ў адстаўку са сваіх пастоў пасля праведзенай Апостальскай Сталіцай візітацыі. Яе вынікам стала выснова, што ўстанова не робіць дастаткова намаганняў для садзейнічання вернасці каталіцкай дактрыне. “У калегіях пастаянна адбываюцца змены, можа пасля Апостальскай візітацыі гэта не дрэнная ідэя прыцягнуць новых людзей, новыя ідэі і рухацца наперад”, - адзначыў арцыбіскуп Дзіармуід Марцін, арцыбіскуп Дублінскі, у інтэрв’ю “CNA”.

Змены сталі наступствам апублікавання ў сакавіку гэтага года вынікаў двухгадовай Апостальскай візітацыі, якая мела на мэце высветліць “стан здароўя Касцёла ў Ірландыі”. Наведванне Ірландскай калегіі ўзначаліў у свой час кардынал Цімаці Долан з Нью-Ёрка.

У дакладзе па выніках візітацыі адзначаецца станоўчая праца выхавацеляў калегіі і іх адданасць фармацыі святароў. Аднак, выказваецца заклапочанасць станам інтэлектуальнай фармацыі семінарыстаў, якая не адбываецца “у поўнай адпаведнасці з навучаннем Касцёла”. У дакладзе таксама рэкамендуецца, каб душпастырская падрыхтоўка семінарыстаў была перагледжана і пастаўлены акцэнт на яе “сакраментальнай, святарскай і апостальскай” спецыфіцы, неабходных для “падрыхтоўкі кандыдатаў да здзяйснення сакрамэнтаў і абвяшчэння Божага слова”.

У цэлым, візітацыя паказала, што абнаўленне Каталіцкага Касцёла ў Ірландыі стрымліваецца “пэўнай тэндэнцыяй, хоць не можна сказаць, што дамінуючай, але даволі шырока распаўсюджанай сярод святароў, законнікаў і свецкіх, абараняць тэалагічныя погляды, якія супярэчаць дактрыне Касцёла”.

Рада папячыцеляў Ірландскай калегіі, у якую ўваходзяць 4 ірландскія арцыбіскупы, аб’явіць аб новых прызначэннях пасля сваёй сустрэчы ў канцы мая.







All the contents on this site are copyrighted ©.