2012-05-11 12:58:12

Бэнэдыкт XVI: місійная дзейнасць мае характар тэрміновай неабходнасці


RealAudioMP3 11 мая Бэнэдыкт XVI прыняў у Апостальскім палацы нацыянальных дырэктараў Папскіх місійных таварыстваў з розных краін свету, якія сабраліся ў Рыме на сваёй штогадовай асамблеі. Пантыфік адзначыў, што місійная дзейнасць мае заўсёды характар тэрміновай неабходнасці, асабліва ў нашы часы вялікіх перамен. Неабходна ўзмацняць намаганні, каб як мага больш людзей і народаў пазнаёміліся з Праўдай, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, адзначыў Святы Айцец. Паводле Пантыфіка, гэта заданне асабліва важнае ў Год веры, які хутка пачнецца. “Сёння місіі маюць патрэбу аднавіць давер да Божага дзеяння; маюць патрэбу ў больш інтэнсіўнай малітве, каб прыйшло Яго валадарства, каб была Яго воля як ў Небе, так і на зямлі”, - звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта Папскім місійным таварыствам асаблівым чынам даверана заданне падтрымліваць слуг Евангелля, “дапамагаючы захоўваць радасць евангелізацыі, нават калі даводзіцца сеяць у слязах”. Папа адзначыў, што сабраныя з’яўляюцца “бачным знакам камуніі, якая існуе паміж людзьмі і сродкамі Касцёла, якія, накшталт спалучаных сасудаў, пражываюць адно і тое ж місійнае пакліканне і запал, і ў кожным кутку зямлі працуюць сеючы Слова Праўды ва ўсіх народах і культурах”.







All the contents on this site are copyrighted ©.