2012-05-10 12:44:01

Кардынал Ратцынгер прасіў Яна Паўла ІІ зрабіць яго дырэктарам Ватыканскай бібліятэкі


RealAudioMP3 Кардынал Рафаэле Фарына, дырэктар Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “30 giorni” (30 дзён) паведаміў, што праз два гады стануць даступнымі дакументы, звязаныя з пантыфікатам Пія ХІІ. Іерарх адзначыў, што да сярэдзіны ХХ ст. найбольшае зацікаўленне навукоўцаў выклікалі матэрыялы эпохі сярэднявечча. Пачынаючы ж з сярэдзіны ХХ ст., асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, карыстальнікі архіваў вельмі цікавяцца сучаснасцю.

Дырэктар Апостальскай Бібліятэкі закрануў тэму Ватыканскага сакрэтнага архіву. Ён нагадаў, што ўстанова існуе ўжо 400 гадоў і ў ёй захоўваюцца матэрыялы з дзейнасці Каталіцкага Касцёла за апошнія 12 стагоддзяў. Слова “сакрэтны”, якое азначае “прыватны”, часта памылкова прадстаўляецца як “таямнічы” і “змрочны”, што, як падкрэсліў ватыканскі іерарх, не адпавядае рэчаіснасці.

Кардынал Фарына паведаміў цікавы факт. Аказваецца, калі кардынал Ёзэф Ратцынгер быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, неаднаразова прасіў Яна Паўла ІІ прызначыць яго Кардыналам-бібліятэкарам, і некаторы час быў нават перакананы, што гэта будзе яго будучая пасада. “Аднак, выйшла па-іншаму, і ў Бібліятэку ён прыйшоў як Папа”, - заключыў кардынал Фарына.







All the contents on this site are copyrighted ©.