2012-05-09 13:40:58

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: я адчуваю малітву вернікаў за Касцёл


RealAudioMP3 “Пастаянная і адзінадушная малітва – гэта каштоўная прылада для таго, каб перамагчы выпрабаванні, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху”, - сказаў Бэнэдыкт XVI падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў малітве ранняга Касцёла за апостала Пятра, які знаходзіўся ў турме па загадзе Ірада Агрыппы. Папа нагадаў, што ў той час як “Пятра вартавалі ў вязніцы, Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога”, а калі апостал быў цудоўным чынам вызвалены і прыйшоў ў дом Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, то ўбачыў, што “многія сабраліся на малітве”. Святы Айцец адзначыў, што сіла малітвы Касцёла дайшла да Бога, а Ён выслухаў і ўчыніў нечаканае і неспадзяванае вызваленне, адправіўшы свайго анёла. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што апісанне вызвалення апостала Пятра з вязніцы нагадвае аб некаторых элементах вызвалення Ізраіля з егіпецкага рабства падчас гэбрэйскай Пасхі: анёл, які з’явіўся у камеры, дзе знаходзіўся апостал, загадаў яму “падняцца, апрануць рамень і падперазаць сцёгны”, што нагадвае аб стане, у якім народ Божы чакаў зыходу з Егіпта.

Акрамя таго, Папа адзначыў, што вызваленне св. Пятра нагадвае таксама аб уваскрасенні Хрыста. “Святло, якое напоўніка камеру ў вязніцы (...) нагадвае аб вызваляючым святле Пасхі Пана, які перамог цемру ночы і зла”, - сказаў Святы Айцец. Акрамя таго, Пантыфік адзначыў, што словы анёла “Адзень свой плашч і ідзі за мной”, нагадваюць заклік Хрыста двойчы скіраваны да Пятра падчас сустрэчы каля Тыберыядскага возера: “Ідзі за Мной”. “Гэта настойлівае запрашэнне наследаваць Яго: толькі выходзячы за рамкі саміх сябе, каб ісці за Панам і выконваць яго волю, можна жыць сапраўднай свабодай”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец таксама звярнуў увагу на тое, што ў той час, як уся хрысціянская супольнасць малілася “Пётр спаў”. “У такой крытычнай сітуацыі, калі існавала сур’ёзная небяспека, такая пазіцыя можа падавацца дзіўнай, але яна пазначана спакоем і даверам; Пётр давяраў Богу, ведаў аб салідарнасці і малітве сваіх і цалкам аддаваў сябе ў рукі Пана. Такой павінна быць наша малітва: руплівай, салідарнай з іншымі, цалкам напоўненай даверам да Бога, які ведае нас у таемным і клапоціцца аб нас так – як казаў Езус – што “і валасы ў вас на галаве палічаны. Таму не бойцеся”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу яшчэ на адзін аспект: у адным са сваіх пасланняў св. Якуб распавядаў аб тым, што хрысціянская супольнасць знаходзілася ў крызісе, але не з-за пераследу, але з прычыны зайздрасці і сварак. “Такая сітуацыя змянілася, паводле св. Якуба, калі супольнасць пачала разам размаўляць з Богам, маліцца па-сапраўднаму рупліва і адзінадушна”, - сказаў Папа.

“Таксама і прамовы аб Богу, сапраўды, рызыкуюць страціць сваю ўнутраную сілу і сведчанне, калі не з’яўляюцца натхнённымі і падтрыманымі малітвай, працяглым жывым дыялогам з Панам. Гэта важны заклік да ўсіх нас і нашых супольнасцяў: такіх маленькіх як сем’і і больш буйных, як парафія, дыяцэзія, увесь Касцёл”, - адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што фрагмент аб вызваленні Пятра кажа нам, што Касцёл, кожны з нас, перажывае ночы выпрабаванняў, але нам заўсёды дапамагае руплівая малітва. “Таксама і я, ад самага першага дня майго абрання на Пасад св. Пятра, адчуваю вашу малітву за Касцёл, асабліва ў цяжкія моманты і ад усяго сэрца дзякую вам”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.