2012-05-07 13:31:24

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (ІХ)


RealAudioMP3 Тэма апошніх нашых перадачаў - літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Сёньня я працягваю распавядаць пра ютрань.

Кандак, ікас і сінаксар

У папярэдняй перадачы я распавёў агульна прак канон ютрані ды біблійныя песьні. Можна б было і перайсьці да начтупнай часткі ютрані, аднак у рамках канону належыць некалькі словаў сказаць пра кандак з уласным ікасам ды сінаксар, якія зьмяшчаюцца паміж шостай і сёмай песьняй канону.

Кандак з ікасам зьяўляецца адной з найстарэйшых гімнаграфічных частак бізантыйскай ютрані. Першапачаткова кандак уяўляў з сябе цэлую паэму. Аўтарам гэтага гімнаграфічнага гатунку быў дыякан, які жыў напрыканцы V і пачатку VI стагодзьдзяў – Раман Салодкапевец.

Пасля кандаку з ікасам бывае чытаньне сынаксару (што ў сучаснай практыцы звычайна апускаецца). Сынаксар паходзіць ад грэцкага συναξάριον — збор і фактычна зьяўляецца зборам сьціслай інфармацыі пра сьвята ці пра сьвятога дня. Сынаксарыі знаходзяцца ў мінэях ды ў поснай і кветачнай трыёдзях.

Сьвяцільны і экзапастыляр

Пасля канону бывае малая экценьня ды сьвяцільны або экзапастыляр. Сьвяцільны (гр. fotagogika - «тое, што вытварае сьвятло») – гэта сьпеў, які абвяшчае сьвятло. Напрыклад, падчас Вялікага Посту ёсьць вось такі сьвяцільны другога тону, які пачынаецца словамі: «Вечнае сьвятло Тваё спашлі, Хрысьце Божа, і прасьвятлі тайныя вочы сэрца майго, Госпадзе...».

Экзапастыляр — паходзіць ад грэцкага слова, якое азначае «пасылаць», але па сутнасьці замяняе сьвяцільны ў нядзелі. Экзапастылярыі па свайму зьместу зьяўляюцца парафразамі нядзельных фрагментаў Евангельля, якія чытаюцца на ютрані. Можна сказаць нават болей, што гэтыя парафразы распавядаюць менавіта пра рэакцыю вучняў на Ўваскрасеньне Хрыста. Быць можа гэтым фактам можна патлумачыць іх назву. Такіх экзапастыляраў – адзінаццаць, адпаведна колькасьці нядзельных евангельеў. Вось прыклад такога гімну:

Шлях і Жыцьцё, Хрыстос, устаўшы з мёртвых, спадарожнічаў Кляопу і Лукашу, якія і пазналі Яго ў Эмаусе, калі Ён пераламіў хлеб. Дый іхнія душы і сэрцы ўжо гарэлі, калі Ён гутарыў з імі ў дарозе і выясьняў Пісаньні пра тое, як Яму трэба было пацярпець. Дык з імі разам усклікнем: "Ён уваскрос і зьявіўся таксама Пятру!"

Пахвальныя псалмы

Пасля экзапастылярыя распачынаецца сьпеў Пахвальных псалмаў (лац. Laudes - «пахвалы»). Гэта назва бярэцца ад таго, што сьпеў распачынаецца словамі: «Хваліце Госпада з нябёсаў, * хваліце Яго на вышынях. Хваліце Яго, усе анёлы Яго, * хваліце Яго, усе сілы Яго». Фактычна Пахвальныя псалмы - гэта тры апошнія псалмы Псалтыра (148, 149, 150). Апошнія вершы рэцытуюцца ўперамежку з пахвальнымі песьнямі, якія знаходзяцца адпаведна да літургічнага перыяда ў Актоіху або Трыёдзях.

Заканчэньне ютрані

Пасля Пахвальных псалмоў у нядзелі і сьвята сьпяваецца Вялікае ўслаўленьне. На штодзённай ютрані і ў Вялікі Пост - Малое ўслаўленьне. Оба ўслаўленьня пачынаюцца наступнымі вершамі:

Сьвятар: Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.
Людзі: Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей.
Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікае славы Тваёй.
Госпадзе Цару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе, Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.
Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грэх сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашую; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо толькі Ты адзін – сьвяты, Ты адзін – Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Услаўленьне складаецца з розных тэкстаў Старога і Новага Запавету, асабліва гімну анёлалаў: «слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2:14). Ёсьць яно адным з самых старажытных сьпеваў Царквы, вядомым з IV стагодзьдзя.

Потым на нядзельнай і сьвяточнай ютрані бывае трысьвятое, трапар сьвята, экценьня ўзмоцненага маленьня ды экценьня просьбаў, і водпуст. На штодзённай ютрані пасля Малага ўслаўленьня бываюць вершапесьні. Пасля іх, калі трывае Вялікі Пост, бяруцца постныя трапары разам з малітвай Ахрэма Сірына. Потым ідзе экценьня ўзмоцненага маленьня і поўны водпуст.

Вось, шаноўныя сябры, мы падышлі да канца агульнага апісаньня зьместа ды структуры ютрані ў бізантыйскай традыцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.