2012-05-07 12:31:03

Бэнэдыкт XVI да Швейцарскай гвардыі: будзьце моцныя ў веры і любіце Касцёл


RealAudioMP3 7 мая Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі рэкрутаў Швейцарскай гвардыі, а таксама членаў іх сем’яў. Аўдыенцыя была прымеркавана да ўрачыстага прыняцця прысягі на вернасць Святому Айцу, якая адбылася ўчора ў Ватыкане. Папа пажадаў новым гвардзейцам, за час прыбывання ў Рыме, “адчуць вопыт паўсюднасці Касцёла, умацаваць і паглыбіць веру, асабліва ў моманты малітвы і сустрэч”, якія будуць адбывацца падчас службы. “Функцыі, якія выконвае Швейцарская гвардыя з’яўляюцца прамым служэннем Пантыфіку і Апостальскай Сталіцы”, - сказаў Папа і адзначыў, што прыклад тых, хто вырашае прысвяціць некалькі гадоў жыцця службе Наступніку св. Пятра і яго супрацоўнікам, з’яўляецца вельмі каштоўным. Акрамя таго, Святы Айцец падкрэсліў, што служба ў Швейцарскай гвардыі не можа не характарызавацца моцнай каталіцкай верай, вернасцю і любоўю да Касцёла Езуса Хрыста, старанасцю і настойлівасцю ў выкананні маленькіх і вялікіх заданняў, адвагай і пакорай, альтруізмам і адкрытасцю. “Усе гэтыя цноты павінны быць у вашых сэрцах калі вы будзеце ажыцяўляць ганаровае служэнне дзеля бяспекі Ватыкана”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік заклікаў гвардзейцаў быць уважлівымі і ўзаемна дапамагаць адзін аднаму, вучыцца Божай любові праз малітву, слуханне Божага Слова і жыць так, каб у цэнтры знаходзілася таямніца Эўхарыстыі. “Сакрэт эфектыўнасці вашай працы ў Ватыкане, а таксама і ўсіх вашых іншых праектаў, перш за ўсё заключаецца ў пастаяннай апоры на Хрыста”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуўся да гвардзейцаў з заклікам плённа выкарыстаць час прыбывання ў Рыме, для таго, каб узрастаць у сяброўстве з Хрыстом, усё больш любіць Касцёл і ісці да мэты кожнага хрысціянскага жыцця: да святасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.