2012-05-05 12:21:08

“L’Ossevatore Romano” аб газеце “Праўда”


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Ossevatore Romano” нагадвае аб 100-годдзі газеты “Праўда” –“выдання, якое хутка стала відавочным, серым і ліслівым сімвалам савецкага рэжыма на працягу ўсяго часу існавання СССР”. Адзначаецца, што менавіта ў “Праўдзе”, якая сама была нашчадкам падпольнай ленінскай улёткі 10 лістапада 1917 г. быў апублікаваны дэкрэт новых бальшавіцкіх уладаў аб закрыцці ўсіх апазіцыйных друкаваных органаў. Звяртаецца ўвага на ролю, якую адводзілі газеце “Праўда” савецкія лідэры: Сталін называў выданне “газетай рабочых мас” і “моцнай зброяй у руках бальшавіцкай партыі”; Хрушчоў абвяшчаў, што “Праўда” – гэта “інтэгральная прылада духоўнага жыцця” савецкага чалавека і інстумент “выхавання новага чалавека будучыні савецкага грамадства”; Брэжнеў называў “Праўду” “газетай, якая з’яўляецца не толькі калектыўным прапагандыстам і агітатарам, але таксама і калектыўным арганізатарам”.

“L’Ossevatore Romano” звяртае ўвагу на тое, што ў “Праўдзе” друкавалася афіцыйная інфармацыя аб унутраных падзеях у СССР і невялікая колькасць навін з замежжа. Акрамя таго, падкрэсліваецца, што ў “Праўдзе” друкаваліся амаль усе камуністычныя лідэры ад Леніна да Сталіна, ад Троцкага да Молатава, ад Свярдлова да Бухарына. “Таму “Праўда” характарызавалася, як найбольш уплывовы прапагандыскі мегафон рэжыма і адна з самых важных прыладаў ідэалагічнага тэрарызма дзяржавы, якая распаўсюджвала навіны аб фарсавых працэсах супраць апазіцыі”, - адзначае “L’Ossevatore Romano”.

Падкрэсліваецца, што газета “Праўда” прыдумвала праўду аб рэчаіснасці, якая панавала ў краіне. “Газета заснаваная Леніным была адным з самых важных сімвалам працэса сацыяльнага выдумвання рэальнасці тыповай для таталітарных рэжымаў”. Ватыканскае выданне адзначае, што гэта “няпраўда, якая прыдумвалася і распаўсюджавалася праз СМІ рэжыма, не была скіравана супраць знешняга ворага, але была драматычным чынам накіравана на той народ, грамадства і калектыў, які павінна была прадстаўляць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.