2012-05-04 12:10:06

Святы Айцец прыняў даверчыя граматы новых паслоў


RealAudioMP3 4 мая Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы ад новых паслоў, якія пачалі прадстаўляць пры Святым Пасадзе Арменію, Ірландыю, Малайзію, Фіджы і Эфіопію. У прамове да іх Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць хуткага рэагавання на выклікі, калі планета стала зусім "маленькай" дзякуючы сродкам камунікацыі. Пантыфік адзначыў: “Выяўленне вялікіх пакут ва ўсім свеце, матэрыяльнай і духоўнай беднасці і галечы патрабуе новых падыходаў для справядлівых і салідарных рашэнняў, якія б адвялі пагрозу ад чалавека, грамадства і асяроддзя”. Папа назваў знакавыя небяспекі: урбанізацыю, узброенныя канфлікты, голад і пандэміі, пабольшанне беднасці і яе новыя формы. Святы Айцец падкрэсліў, што праз выключэнне з соцыўма павялічваецца адзінота. ”Калі беднасць суіснуе з вялізным багаццем, нараджаецца пачуццё несправядлівасці – крыніцы сацыяльных хваляванняў.” Папа назваў выпрацоўку законаў, якія б спынялі няроўнасць і давалі ўсім умовы годнага жыцця, задачай дзяржавы.

Святы Айцец адзначыў, што мікракрэдытаванне, роўнае партнёрства паказалі ўжо магчымасць гарманізаваць эканамічныя мэты з сацыяльнымі, забяспечваць дэмакратычнае кіраўніцтва ў павазе да прыроды, чаму спрыяе рамесніцтва, развіццё сельскай гаспадаркі і службаў сэрвісу на месцах.

Пантыфік, звяртаючыся да дыпламатаў, падкрэсліў важнасць павышэння ўвагі дзяржаў да адукацыі, гістарычнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны. Сустрэўшы Бога, людзі бачаць у іншым брата і будуюць больш справядлівае грамадства, адзначыў Папа. На заканчэнне ён заверыў новапрызначаных паслоў у асабістай падтрымцы, пажадаўшы плённай працы на карысць такіх працэсаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.