2012-05-03 12:48:00

Святы Айцец наведаў рымскую паліклініку “Джэмеллі”


RealAudioMP3 3 мая Бэнэдыкт XVI наведаў факультэт медыцыны і хірургіі імя Агосціно Джэмеллі Каталіцкага універсітэта Святога Сэрца, які знаходзіцца ў Рыме і больш вядомы як паліклініка “Джэмеллі”. Візіт Пантыфіка быў прымеркаваны да 50-годдзя гэтай установы. Звяртаючыся да супрацоўнікаў медыцынскага факультэта Святы Айцец адзначыў, што мы жывем у час, калі натуральныя навукі змянілі бачанне свету і самаўспрыняцце чалавека. Пантыфік падкрэсліў, што з аднаго боку шматлікія адкрыцці і новыя тэхналогіі, якія з’яўляюцца ў вельмі хуткім рытме, могуць быць прычынай гонару і аптымізма, але ў той жа час, “чалавек сучаснай эпохі часта жыве ва ўмовах рэдукцыянізма і рэлятывізма, якія вядуць да згубы сапраўднага значэння рэчаў”. Папа звярнуў увагу на тое, што сучасны чалавек, часта застаецца “аслеплены эфектыўнасцю тэхнікі” і “забываецца аб фундаментальным даляглядзе пытання аб сэнсе, адхіляючы такім чынам ў недарэчнасць трасцэндэнтнае вымярэнне”. Такім чынам, паводле Святога Айца навука становіцца слабай і маральна бяднее.

Папа адзначыў важнасць таго, каб навука адкрылася на пошук Бога. “Чалавек навукі, часта несвядома імкнецца дасягнуць той праўды, якая можа даць сэнс жыццю”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што толькі чалавечых намаганняў у пошуку гэтай праўды недастаткова. Святы Айцец нагадаў, што для гэтага розуму неабходна таксама вера. “Дарагія сябры, дазвольце заўсёды весці вас мудрасці звышыні, ведамі асветленымі верай, памятаючы, што мудрасць патрабуе запалу і цярпення для пошуку”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў супрацоўнікаў паліклінікі “Джэмеллі” прытрымліваючыся гэтых прынцыпаў захоўваць каталіцкую ідэнтычнасць установы злучаючы навуковыя даследванні і служэнне чалавечаму жыццю.

“Каталіцкі медыцынскі факультэт – гэта месца дзе трасцэндэнты гуманізм з’яўляецца не толькі рытарычным слоганам, але правілам, якім жывуць у штодзённасці”, - падкрэсліў Святы Айцец. Папа запэўніў у сваёй малітве ўсіх супрацоўнікаў установы, а таксама шматлікіх пацыентаў паліклінікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.