2012-05-03 13:23:32

Патрыярх Барталамей І атрымаў прэстыжную прэмію


RealAudioMP3 Патрыярху Барталамею І была прысуджана прэмія “Four Freedom Awards”, “за асаблівыя намаганні на карысць рэлігійнай свабоды і прысвячэнне ў справу дыялога і прымірэння паміж хрысціянамі, мусульманамі і яўрэямі, якую ён пачаў разам з папай Янам Паўлам ІІ”. Гэта прэмія ўручаецца кожны год людзям, якія зрабілі вялікі ўклад у пашырэнне свабодаў абвешчаных фундаментальнымі для дэмакратыі прэзідэнтам ЗША Франклінам Рузвельтам у 1941 г.: свабода слова, свабода веравызнання, свабода ад патрэбаў і свабода ад страху. Прэмія будзе ўручана іерарху 12 мая ў галандскім мястэчку Мідлбург. На цырымоніі будзе прысутнічаць каралева Нідэрландаў Беатрыс і прэм’ер-міністр гэтай краіны Марк Рутэ. “Штодзённыя намаганні на карысць рэлігійнай свабоды не толькі ў Турцыі, але ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе, характарызуюць Патрыярха Барталамея І як аднаго з галоўных дзеячаў на міжнароднай арэне, які цалкам прысвяціў сябе значэнню і рэалізацыі чатырох свабод”, - адзначае сённяшняя “L’Osservatore Romano”. У дакуменце, у якім абвяшчаецца аб уручэнні прэстыжнай прэміі Патрыярху Барталамею І узгадваецца таксама яго клопат аб навакольным асяродзі, дзякуючы якому яго называюць “Зялёным Патрыярхам”.

Падкрэсліваецца таксама асаблівы ўклад Патрыярха Барталамея І у спрыянне прымірэнню паміж праваслаўнымі, католікамі і мусульманамі ў былой Югаславіі ў 1990-я г, яго прыхільнасць да развіцця міжрэлігійнага тэалагічнага дыялога і падтрымка праваслаўных народаў з былога сацыялістычнага лагера.

Сярод лаўрэатаў прэміі “Four Freedom Awards” таксама значацца бразільскі прэзідэнт Луіс Інасіў Лулу дэ Сілва, арабскі тэлеканал “Аль Джазіра”, індыйская праваабаронца Эла Рамеш Бхат і намеснік міністра энэргетыкі Ірака Хуссэйн аль Шахрыстані.








All the contents on this site are copyrighted ©.