2012-05-03 12:08:59

Бэнэдыкт XVI прызначыў біскупа Антонія Дзям’янку ардынарыем Пінскай дыяцэзіі


RealAudioMP3 3 мая Бэнэдыкт XVI прызначыў ардынарыем Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янку, да гэтага дапаможнага біскупа і Генеральнага вікарыя Мінскай-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх нарадзіўся 1 студзеня 1960 г. у вёсцы Заброддзе ў парафіі Дзераўное на Стаўбцоўшчыне. Не атрымаўшы ад уладаў дазвола для паступлення ў Рыжскую духоўную семінарыю атрымліваў святарскую фармацыю падпольна, пад кіраўніцтвам тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі кс. прэлата Вацлава Пянткоўскага. Нарэшце 28 кастрычніка 1980 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. На працягу некалькіх гадоў выконваў пастырскія абавязкі патаемна, афіцыйна працуючы арганістам і закрысціянінам у розных парафіях. У 1984 г., пасля прахаджэння службы ва ўзброеных сілах, быў прызначаны пробашчам у Навагрудку. Затым вучыўся ў Інстытуце сям’і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. 4 ліпеня 1998 г. дэкрэтам Яна Паўла ІІ быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Атрымаў біскупскае пасвячэнне 29 верасня 1998 г. з рук кардынала Казіміра Свёнтэка. На працягу шасці гадоў быў Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, рэктарам Духоўнай семінарыі ў Гродна, а таксама пробашчам катэдральнай парафіі.

У 2004 г. біскуп Дзям’янка быў прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і вызвалены ад абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. З 2006 г. па 2007 г. быў Апостальскім Адміністарам “ad nutum Sanctae Sedis” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 2007 г. дапаможны біскуп і генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай. Біскуп Антоні Дзям’янка таксама з’яўляецца Генеральным Сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынёй Рад па справах Літургіі, Ся’і і Дабрачыннай дзейнасці.









All the contents on this site are copyrighted ©.