2012-05-02 12:29:36

Італьянскі іерарх: разарваць ланцуг самагубстаў па эканамічных прычынах


RealAudioMP3 Разарваць ланцуг самагубстваў выкліканых эканамічным крызісам - з такім заклікам звярнуўся арцыбіскуп Неапаля кардынал Сэпэ да вернікаў краіны. Праблема суіцыдаў сярод італьянскіх прадпрымальнікаў стала вельмі вострай асабліва на працягу апошніх некалькіх месяцаў. Паводле статыстычных дадзеных у Італіі на працягу трох апошніх гадоў лік самагубстваў павялічыўся на 25%. Толькі за 2012 г. у гэтай краіне скончылі жыццё самагубствам па эканамічных прычынах 23 чалавека, якія не маглі знайсці працу, плаціць падаткі, крэдыты ці заробак сваім супрацоўнікам.

На старонках неапальскай газеты “Il Mattino” кардынал заклікаў усё грамадства дапамагчы разарваць гэты “хваравіты ланцуг” і не дапускаць каб “больш слабыя браты накладалі на сябе рукі”. “Я звяртаюся да ўсіх, хто займае адказныя пасады; хто трымае кантроль над капіталам; хто кіруе эканамічнымі працэсамі і хто пакліканы навесці парадак у эканоміцы краіны. Тэрапія павінна прывесці да больш здаровага і справядлівага грамадства, а не да яго абяднення. Пакінем адкрытымі дзверы надзеі”, - напісаў кардынал Сэпэ.

Іерарх адзначыў, што Касцёл працягне працаваць у гэтым накірунку. Ён падкрэсліў, што неабходна спрыяць канкрэтным пераменам , каб ніхто не сустракаўся з пагрозай таго, што ў яго будзе нечакана забраны штодзённы хлеб, а з ім таксама надзея на новыя перспектывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.