2012-05-02 14:36:38

Папская Акадэмія сацыяльных навук: энцыкліка “Pacem in terris” захоўвае сваю актуальнасць


RealAudioMP3 Энцыкліка Яна ХХІІІ “Pacem in terris” застаецца актуальнай сёння, калі свет знаходзіцца ў небяспецы, а нацыяналізм, а таксама рэлігійная і расавая ненавісць штурхаюць цэлыя народы да гвалтоўных канфліктаў - аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Папскай Акадэміі сацыяльных навук. З 30 красавіка па 1 мая члены гэтай установы разважалі над важнасцю дакумента Яна ХХІІІ праз 50 год пасля яго выдання. Адзначаецца, што энцыкліка “Pacem in terris” (“Мір на зямлі”), з’яўляецца адным з самых важных дакументаў сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла. “У 1963 г., у разгар “халоднай вайны” ён быў скіраваны да “усіх людзей добрай волі”, пасылаючы моцны сігнал надзеі усім, нягледзячы на ідэалагічныя і рэлігійныя падзелы. Чалавецтву было прапанавана пераглядзець свае структуры эканамічнага, палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на фундаменце агульнапрынятых прынцыпаў “свабоды, праўды, любові і справядлівасці”, - адзначаецца ў паведамленні Папскай Акадэміі.

Падкрэсліваецца, што энцыкліка Яна ХХІІІ, “была на самой справе сацыяльнай, бо ў ёй прысутнічае глыбокае разважанне аб ролі чалавека ў грамадстве, а таксама аб яго цэнтральным месцы ў кожным сацыяльным інстытуце”. “Менавіта на гэтым прынцыпе было пабудавана ўсё сацыяльнае навучанне”, - гаворыцца ў дакуменце. Звяртаецца ўвага на тое, што сёння, нягледзячы на тое, што халодная вайна закончылася працягваюць існаваць канфлікты на нацыянальнай, расавай і рэлігійнай аснове, таму пасланне аб міры і супольнай адказнасці за агульнае дабро чалавецтва застаецца актуальным.

Адзначаецца асаблівая роля Каталіцкага Касцёла ў спрыянні мірнаму існаванню паміж народамі і ў абароне ўніверсальных чалавечых каштоўнасцяў. Члены Папскай Акадэміі навук выказалі спадзяванне, што іх праца дапаможа ў ажыцяўленні гэтай місіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.