2012-05-02 13:44:31

Бэнэдыкт ХVI зрабіў дар былым англіканам у Вялікабрытаніі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт ХVI ахвяраваў 250 тыс. долараў на падтрымку дзейнасці Персанальнага ардынарыята Маці Божай Уолсінгемскай ў Вялікабрытаніі. Кіраўнік гэтай структуры, былы англіканскі біскуп, кс. прэлат Кейт Ньютан, адзначыў, што дар Папы паспрыяе стабільнасці ардынарыята – часткі Каталіцкага Касцёла ў Англіі і Уэльсе. “Я вельмі ўдзячны Святому Айцу за яго шчодрасць і падтрымку. Гэты падарунак – вялікая дапамога і падтрымка для нашай супольнасці, паколькі мы працягваем развіваць нашае касцельнае жыццё і намагаемся развіваць больш шырокую евангелізацыйную дзейнасць ў Англіі і Уэльсе”, - сказаў кс. прэлат Кейт Ньютан.

Апостальскі Нунцый ў Вялікабрытаніі, арцыбіскуп Антоніо Менніні адзначыў, што “дар Святога Айца з’яўляецца відавочным знакам яго асабістага ўкладу ў справу адзінства сярод хрысціян і праявай таго, што справы Ардынарыята вельмі турбуюць Пантыфіка”.

Ардынарыят для былых англіканаў у Вялікабрытаніі быў заснаваны 15 студзеня 2011 г. апостальскай Канстытуцыяй “Anglicanorum coetibus”. Ён налічвае больш за 1.200 вернікаў, а душпастырскую працу сярод іх вядзе 60 святароў.








All the contents on this site are copyrighted ©.