2012-04-30 15:26:49

Рым: чуванне моладзі з нагоды першай гадавіны беатыфікацыі бл. Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 30 красавіка ў Рыме адбудзецца малітоўнае чуванне з нагоды першай гадавіны беатыфікацыі бл. Яна Паўла ІІ. Чакаецца, што некалькі тысяч маладых людзей збяруцца каля крыжа на месцы, у якім ў 2000 г. благаслаўлёны Пантыфік сустракаўся з мільёнамі маладых людзей, падчас Сусветных дзён моладзі. Узначаліць чуванне Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Агосціно Валіні. У праграме сустрэчы прадугледжаны малітвы і разважанні, сведчанні і музычныя выступленні. Пачнецца чуванне з кароткай пілігрымкі: моладзь збярэцца каля капліцы св. Тамаша з Аквіну, а затым пройдзе да Крыжа, які ўстаноўлены на месцы, дзе падчас кульмінацыйнай св. Імшы Сусветных дзён моладзі 2000 г. знаходзіўся папскі алтар. Малітва маладых людзей пройдзе таксама перад абразом “Maria Sedes Sapientie” – “Марыя Сядзіба Мудрасці”, які бл. Ян Павел ІІ падараваў еўрапейскім студэнтам. “Гэты абраз з’яўляецца сувяззю паміж Каралем Вайтылам і універсітэцкай моладзю”, - адзначыў адзін з арганізатараў чування Эміліо Бэціні, супрацоўнік душпастрыства студэнтаў Рымскай дыяцэзіі.

Адзначаецца, што чуванне “стане нагодай, каб сустрэцца на сімвалічным месцы Сусветных дзён моладзі 2000 г. і скіраваць да моладзі заклік Яна Паўла ІІ “ляцець увышыню” для рэалізацыі грамадства і будучыні годных чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.