2012-04-30 14:03:30

Бэнэдыкт XVI: энцыкліка “Pacem in terris” можа многаму навучыць сёння


RealAudioMP3 30 красавіка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прывітаў удзельнікаў пленарнай сесіі Папскай Акадэміі сацыяльных навук, якія сабраліся ў Рыме, каб паразважаць аб актуальнасці энцыклікі папы Яна ХХІІІ “Pacem in terris” (“Мір на зямлі”). Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў “калі Ян ХХІІІ пісаў сваю энцыкліку, свет пачаў баяцца ўласнага знікнення ў вялікім атамным грыбе – сімвале злога чалавечага генія, мілітарскага і разбураючага”. “Тады Ян ХХІІІ вырашыў звярнуцца да розуму і сэрца чалавецтва, каб яно не забывалася і было здольным змагацца за універсальную каштоўнасць міра”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI. Папа назваў энцыкліку “Pacem in terris” – “адкрытым лістом да свету”, “заклікам вялікага пастыра, блізкага да канца свайго жыцця, каб умовы для міра і справядлівасці, падтрымліваліся на кожным грамадскім узроўні, у нацыянальных і інтэрнацыянальных асяродках”.

Пантыфік адзначыў, што пасланне Яна ХХІІІ застаецца актуальным сёння. “Бачанне прапанаванае Янам ХХІІІ можа яшчэ многаму навучыць нас, якія змагаемся з новымі выклікамі на карысць міра і справядлвіасці ў эпоху пасля халоднай вайны і пасярод працяглага распаўсюджвання зброі”, - напісаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец адзначыў таксама, што пасланне змешчанае ў энцыкліцы “Pacem in terris” з’яўляецца заклікам да дыялогу паміж Касцёлам і светам, веруючымі і няверуючымі. Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць прабачэння, аб якім таксама казаў бл. Ян Павел ІІ пасля тэрактаў 11 верасня 2001 г. у Амерыцы. “Паняцце прабачэння павінна знайсці свой шлях ў міжнародных прамовах аб вырашэнні канфліктаў, і такім чынам перамяніць стэрыльную мову ўзаемных абвінавачванняў, якая нікуды не вядзе”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадаў, што падчас Сінодаў Біскупаў Афрыкі і Блізкага Усходу адзначалася, што “гістарычныя пакуты і несправядлівасці могуць быць пераможаны толькі калі мужчыны і жанчыны будуць натхнённыя пасланнем аздараўлення і надзеі, пасланнем якое пакажа шлях да выхаду з тупіка, які часта блакіруе людзей і народы ў безвыходным коле насілля”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.