2012-04-29 11:58:28

Бэнэдыкт XVI удзяліў святарскія пасвячэнні дзевяці дыяканам


RealAudioMP3 29 красавіка Бэнэдыкт XVI удзяліў святарскія пасвячэнні дзевяці дыяканам з Рымскай дыяцэзіі. Сярод іх былы суддзя і адвакат, былы пілот самалёта і хімік, які расказаў, што “рэальнасць, у якой ён жыў, была для яго вельмі вузкай”. Урачыстая літургія, падчас якой адбыліся іх святарскія пасвячэнні, прайшла ў базыліцы св. Пятра. У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на вобраз Езуса “Добрага пастыра”, аб якім ішла гаворка ў сённяшнім Евангеллі. Папа падкрэсліў важнасць гэтага вобраза для правільнага разумення сутнасці святарства. Святы Айцец адзначыў, што адной з галоўных характарыстык пастырскага служэння з’яўляецца ахвяраванне ўласнага жыцця на падабенства Хрыста. “Біблійная фігура караля-пастыра, якая ўключае у сябе заданне панаваць над народам Божым, трымаць яго ў адзінстве і весці яго ... рэалізуецца ў асобе Езуса Хрыста ў ахвярным вымярэнні, у ахвяраванні ўласнага жыцця”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Святар – гэта той, хто асаблівым чынам уключаны ў ахвярную таямніцу Хрыста, асабіста злучаны з Ім, для таго, каб працягваць Яго збаўчую місію. Гэта лучнасць, якая з’яўляецца дзякуючы сакрамэнту святарства, патрабуе таго, каб станавіцца “больш моцнай” праз шчыры адказ самаго святара”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, таксама, што “святар пакліканы сам жыць тым, што перажыў Езус – гэта значыць, цалкам прысвяціць сябе прапаведванню і аздараўленню чалавека ад любых хваробаў цела і духа, і потым, напрыканцы, абагульніць усё гэта ў найвышэйшым жэсту “аддання жыцця” за людзей, жэсту, які знаходзіць свой сакраментальны выраз ў Эўхарыстыі, пастанным мемарыяле Пасхі Езуса”. “Толькі праз гэтыя “дзверы” пасхальнай ахвяры, мужчыны і жанчыны ўсіх часоў і месцаў могуць увайсці ў вечнае жыццё; толькі праз гэты “святы шлях” могуць здзейніць зыход, які прывядзе іх да “абяцанай зямлі” сапраўднай праўды, да “зялёных пашаў” міра і радасці без межаў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.