2012-04-26 11:59:21

“L’Osservatore Romano”: скажоныя погляды на хрысціянскіх мучанікаў камунізму


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на тое, што ў краінах Заходняй Еўропы распаўсюджана неадпавядаючае рэчаіснасці разуменне сітуацыі, якая існавала ў краінах былога сацыялістычнага лагеру. У артыкуле пад назвай “Дэфармаваныя погляды на хрысціянскіх мучанікаў камунізму” адзначаецца, што на Захадзе дамінавала і працягвае дамінаваць “сімвалічнае прадстаўленне аб камунізме”. Падкрэсліваецца, што ў заходняй грамадскай думцы “замоўчваліся, ці ўвогуле ігнараваліся ўспаміны аб жыццёвых лёсах мучанікаў веры, арыштаваных, закатаваных і забітых камуністычнымі рэжымамі”.

Ватыканскае выданне адзначае, што 24 красавіка ў Рыме прайшла навуковая канферэнцыя аб стратэгіях і тактыках дзейнасці Каталіцкага Касцёла перад абліччам так званых “народных дэмакратый” у краінах Усходняй Еўропы. Між іншым, удзельнікі гэтага форума разважалі аб жыццёвых лёсах некаторых сімвалічных асоб, якія перажывалі пераслед за веру ў тую эпоху: венгерскага кардынала Ёзэфа Міндсэнці, Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага, чэшскага кардынала Ёзэфа Бэрана, румынскага біскупа Арона Мартона і інш. Адзначаецца, што, напрыклад, кардынал Міндсэнці, пасля вызвалення з турмы ў Венгрыі “апынуўся ў маральным, сімвалічным і культурным палоне заходняй грамадскай думкі”, якая, з аднаго боку, усё менш узгадвала аб ім, а з другога, прадстаўляла яго як “чалавека мінулага, прывязанага да манархічнай і княжацкай ідэі аб Касцёле, каб такім чынам, паказаць, маўляў, кансерватыўны і рэакцыйны каталіцкі свет, які быў пераможаны вялікім прагрэсіўным рокам гісторыі”.

“L’Osservatore Romano” падкрэслівае, што на Захадзе падобныя ўзгадкі аб мучаніках веры прывялі да “выкрэслення з калектыўнай еўрапейскай памяці” успаміну аб сапраўдным абліччы камунізму і тысячах свецкіх і кансэкраваных асобаў, якія заплацілі жыццём за тое, што былі хрысціянамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.