2012-04-26 12:57:28

У Беларусі ўзгадаюць апошняга перад адраджэннем кіраўніка Магілёўскай Мітраполіі


RealAudioMP3 У Магілёве 4-6 мая пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная апошняму перад адраджэннем Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Апостальскаму адміністратару Магілёўскай Мітраполіі біскупу Баляславу Слоскансу. У канферэнцыі прымуць удзел іерархі, святары і вернікі з Беларусі і Латвіі. На форум прыбудуць: арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі Яніс Пуятс і Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч. На канферэнцыі будзе прысутнічаць таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас мерапрыемства, апроч св. Імшы аб хуткай беатыфікацыі біскупа Слосканса, адбудзеца Крыжовы Шлях, які будзе грунтавацца на тэкстах Слугі Божага. Навуковая частка форума будзе прысвечана разважанням над духоўнай спадчынай Апостальскага адміністратара Магілёўскай Мітраполіі.

Лёс біскупа Баляслава Слосканса быў шчыльна звязаны з Беларуссю. Ён нарадзіўся ў мястэчку Стырніенэ ў сучаснай Латвіі, тады ж у межах Віцебскай губерні, у 1893г. Пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу, быў душпастырам парафій у Пецярбургу і наваколлі, а ў 1925г. стаў пробашчам у Віцебску. У маі 1926 г. быў таемна пасвечаны на біскупа папскім пасланцам у Маскве біскупам Мішэлем Дарбіньі і прызначаны Апостальскім адміністратарам Магілёўскай Мітраполіі. У верасні 1927 г. у Магілёве быў арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы і прысуджаны на 3 гады ў Салавецкі канцлагер для святароў. Вызвалены ў верасні 1930 г., вярнуўся ў пачатку лістапада ў Магілёў, але праз тыдзень быў зноў арыштаваны і сасланы ў Сібір, адкуль у 1933г. быў перададзены савецкімі ўладамі ў родную Латвію ў абмен на асуджанага там камуніста. Пасля гэтага больш не змог вярнуцца да свайго служэння ў Беларусі, быў прызначаны Апостальскім візітатарам для католікаў-эмігрантаў з СССР візантыйскага абраду. Памёр 18 красавік 1981 г. у Бельгіі, у 1993 г. яго цела было перанесена ў латвійскі санктуарый у Аглоне. У 2000 г. распачаўся яго беатыфікацыйны працэс. 20 снежня 2004 г. Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Баляслава Слосканса.







All the contents on this site are copyrighted ©.