2012-04-26 14:25:37

Дамініканская Рэспубліка: Сусветны кангрэс па рэлігійнай свабодзе


RealAudioMP3 900 дэлегатаў з 60 краін свету сабраліся на VII Сусветным кангрэсе па рэлігійнай свабодзе, які праходзіць у Пунта-Кана ў Дамініканскай Рэспубліцы з 24 па 26 красавіка, піша партал “HazteOir.org”. Асноўная тэма форума – “Секулярызм і рэлігійная свабода: канфлікт ці альянс”. Паводле інфармацыі аднаго з дакладчыкаў, былога генеральнага сакратара Сусветнага баптысцкага альянсу доктара Дэнтоні Лотца праблема дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце тым ці іншым чынам закранае 70% людзей у розных краінах свету. Рэлігійны экстрэмізм і радыкальная секулярызацыя ўплываюць на мільёны вернікаў.

Выступоўцы падкрэслівалі, што адной з лепшых гарантый рэлігійнай свабоды з’яўляецца сітуацыя, калі кіраўніцтва краіны не мае фаварытаў сярод рэлігій. Аднак, сёння існуе сітуацыя, калі некаторыя ўрады абмяжоўваюць свабоду рэлігіі грамадзян, кіруючыся ідэяй абароны секулярызму. Прыкладамі таму могуць служыць спробы ўвесці забарону на хрысціянскія рэлігійныя сімвалы ў школах некаторых еўрапейскіх краін або забарона на нашэнне буркі для мусульманак у Францыі.

У кангрэсе прымаюць удзел дзяржаўныя чыноўнікі з ЗША, краін Карыбскага басейна, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, вядомыя юрысты з краін Блізкага Усходу і Еўропы, навукоўцы і праваабаронцы. У іх дакладах падымаліся тэмы рэлігійных пераследаў у Іраку і Паўночнай Карэі, праблема закона аб “блюзнерстве” у Пакістане і дыскрымінацыя жанчын і дзяцей, якія належаць да рэлігійных меншасцяў у розных краінах свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.