2012-04-25 12:28:23

Бэнэдыкт XVI паставіў кропку ў рознагалоссях па новым нямецкамоўным перакладзе імшалу


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіраваў да Канферэнцый Біскупаў Германіі і Аўстрыі спецыяльны ліст з раз’ясненнем пазіцыі Апостальскай Сталіцы адносна змен у перакладзе слоў кансэкрацыйнай малітвы падчас св. Імшы. Справа ў тым, што ў нямецкамоўных краінах хутка з’явіцца новае выданне імшалу. У сувязі з гэтым паўстала пытанне, якім чынам тлумачыць лацінскія словы “pro multis” у кансэкрацыйнай малітве. У папярэдніх выданнях ужывалася нямецкае “für alle” (за ўсіх). Зараз жа, паводле прадпісання Апостальскай Сталіцы, было вырашана ўжыць форму “für viele” (за многіх). Святы Айцец адзначае, што падчас сустрэч з нямецкімі і аўстрыйскімі біскупамі, ён абяцаў выказацца ў пісьмовай форме па гэтым пытанні, вынікам чаго і стаў дадзены ліст. У самым яго пачатку Пантыфік робіць экскурс у гісторыю паўстання імшалу і яго тлумачэнняў, ён паказвае гістарычны кантэкст і матывы папярэдняга тлумачэння “für alle” (за ўсіх).

Папа задае пытанне: “І ўсё ж, чаму “за многіх”? Ці Пан, не памёр за ўсіх? Тое, што Езус Хрыстус, народжаны з чалавека Божы Сын ёсць Новым Адамам для ўсіх людзей, з’яўляецца адной з падстаў нашай веры”, - піша Папа і прыводзіць як прыклад некалькі цытат са Святога Пісання, напрыклад, з 8 раздзелу Паслання да Рымлянаў: Бог свайго Сына “аддаў за ўсіх”; або з 5 раздзелу Другога Паслання да Карынцянаў: “адзін за ўсіх памёр”. Пантыфік пытаецца: “Калі гэта так ясна, чаму ў Эўхарыстычнай малітве ўжываецца “за многіх”?” І тут жа адказвае, што Касцёл “узяў” гэту формулу з тэкстаў Новага Запавету “з павагі да слоў Езуса, каб быць верным яму ў кожным слове. Павага да слова самаго Езуса з’яўляецца падставай для фармулавання Эўхарыстычнай малітвы”, - піша Бэнэдыкт XVI да біскупаў нямецкамоўных краін. Глыбокая павага Касцёла да слоў Езуса Хрыста і вернасць Езусу праз дакладную перадачу слоў Святога Пісання – гэта падвойная пашана, паводле Пантыфіка, і з’яўляецца канкрэтнай прычынай перакладу “für viele” (за многіх) у новым выданні нямецкамоўнага імшалу. “Да гэтага ланцужка напоўненай глыбокай пашанай вернасці трэба далучыць абавязак літаральнага перакладу Святога Пісання”, - заключае ў сваім лісце Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.