“100 пытанняў – 100 адказаў”. Ці асудзіў Касцёл сучаснасць?
2000 год – год Вялікага
юбілею хрысціянства. 3 верасня на плошчы св. Пятра ў Рыме адбывалася вялікая падзея
– кананізацыя двух Пантыфікаў. Адзін з іх застаўся ў гісторыі як прагрэсіст і ініцыятар
вялікіх перамен, а іншы, як кансерватар. Першы – Ян ХХІІІ, другі – Пій ІХ. Гэтыя Папы
далі пачатак правядзенню двух Ватыканскіх Сабораў – Ян ХХІІІ – другога, а Пій ІХ –
першага. Калі, згодна з абрадам кананізацыі, на фасадзе базылікі св. Пятра быў адкрыты
партрэт Пія ІХ, прысутныя на ўрачыстасці вернікі вельмі стрымана выражалі сваю радасць,
а калі адкрывалася выява Яна ХХІІІ, “Добрага Папы”, загучалі доўгія апладысменты.
Гаворачы аб такой рэакцыі грамадства на кананізацыю Пія ІХ, нямецкі журналіст Андрэас
Інгліш, пісаў, што ён быў “адным з самых неадназначных Пантыфікаў ... які змагаўся
з дэмакратыяй, свабодай думкі і слова і не паважаў іншыя рэлігіі”. У віну Пію ІХ часта
ставяць “асуджэнне сучаснасці” у выданым ім у 1864 г. дакуменце пад назвай “Sillabo”
– спісу памылковых ідэй і з’яваў новага часу, сярод якіх: лібералізм, атэізм, камунізм,
сацыялізм, рэлятывізм. Акрамя таго, дакумент асуджаў “грамадзянскія шлюбы” і адлучаў
ад Касцёла лідэраў італьянскага нацыянальнага Адраджэння. Што кіравала Папам у прыняці
такога рашэння, што ён асудзіў на самой справе і ці лічыў ён сучаснасць памылкай?
Аб гэтым мы пагаворым у сённяшняй праграме.
Па-першае, варта ўзгадаць аб гістрычным
кантэксце, у якім жыў Пій ІХ. У яго час Касцёл знаходзіўся перад вельмі вялікай пагрозай.
Карыстаючыся метафарай нямецкага гісторыка Міхаэля Хэзэмана, можна сказаць, што тады
“лодка св. Пятра патрапіла на такія вялікія хвалі, якія, як ніколі ў гісторыі, пагражалі
яе затапленню”.
Канец XVIII ст. даў пачатак развіццю ідэй французскай рэвалюцыі.
Цікава, што першапачаткова гэтыя ідэі былі добра прыняты ў Касцёле. Многія біскупы
і святары разумелі цяжкую эканамічную сітуацыю, у якой знаходзілася асноўнай маса
насельніцтва і таму 5 жніўня 1789 г. дабраахвотна адмовіліся ад сваіх феадальных правоў
на карысць сялян і грамадзян. Адмену падзелу паміж сацыяльнымі класамі ў Францыі іерархі
віталі гімнам “Te Deum”. Аднак, хутка дзяржаве-банкроту спатрэбіліся фінансавыя сродкі
і было прынята рашэнне аб абагачэнні за кошт маёмасці Касцёла. З паплечніка Касцёл
пераўтварыўся ў ворага. Аб наступствах пераследу канца XVIII cт. многім вядома: былі
закрыты кляштары і святыні, адменены грыгарыянскі каляндар, змяняліся назвы гарадоў,
замест хрысціянства ўводзіўся “культ розума”, святары абвяшчаліся дзяржаўнымі працаўнікамі,
а хто адмаўляўся парваць сувязь з Папам адпраўляўся на гільяціну. Толькі за 1789 г.
у Францыі было забіта 22 938 святароў і законнікаў.
У 1798 г. Францыя аб’явіла
вайну Папскай дзяржаве і акупавала Рым. Пій VI памёр у палоне. Пасля кароткага перамір’я
ў 1808 г. войскі Напалеона зноў акупавалі Рым і ўзялі ў палон Пантыфіка. Толькі пасля
Венскага кангрэса Аўстрыя і Францыя аб’явілі сябе абаронцамі Папы і размясцілі свае
войскі на тэрыторыі Папскай дзяржавы. Незалежнасць Касцёла сутыкнулася з самай небяспечнай
пагрозай у гісторыі.
У такіх умовах на пасад св. Пятра быў абраны Пій ІХ. Яго
лічылі вельмі ліберальным і лагодным кандыдытам. Папа абвясціў амністыю для ўсіх палітычных
вязняў, якія знаходзіліся ў Рыме, прыняў Канстытуцыю Папскай дзяржавы і дазволіў арганізаваць
Грамадзянскую раду. Па чацвергах ён пачаў сустракацца з вернікамі падчас агульнай
аўдыенцыі.
Цікава, што дзеячы нацыяльнага італьянскага Адраджэння жадалі бачыць
у ім кіраўніка свайго руху. Аднак Папа адмовіўся пасля таго, як убачыў, што нацыяналістычны
рух пачынае набываць радыкальныя формы. Ён не хацеў паўтараць памылку, якую дапусцілі
раней французскія біскупы – прывесці да ўлады сапраўдных ворагаў Касцёла. Многія
дзеячы нацыянальнага італьянскага Адраджэння былі членамі масонскіх ложаў і аб гэтым
было вядома яшчэ тады. Таму, ведаючы аб іх сапраўдных імкненнях, Папа адмовіўся іх
падтрымліваць.
У 1861 г. кароль Віктар Эммануіл, быў абвешчаны каралём Італіі.
Папе было прапанавана дабраахвотна далучыць Рым да новай дзяржавы. Ён адмовіўся, але
праз 10 гадоў, калі французскія і аўстрыйскія войскі перасталі ахоўваць Пантыфіка,
італьянская армія захапіла Вечны горад сілай.
У такіх умовах Пій ІХ і апублікаваў
свой знакаміты дакумент “Sillabo” – спіс галоўных памылак сучаснага свету. Крытыкі
ўбачылі ў ім выклік, які Папа кінуў цывілізаванаму свету – маўляў, Рымскі Пантыфік
выступіў супраць любых форм прагрэса – “супраць гарачай вады, газа і чыгункі”, як
з іроніяй адзначаў нямецкі гісторык Вальтэр Брандмюллер. Аднак, на самой справе Папа
па-прароцку ўбачыў небяспеку, якую нясуць у сябе новыя ідэі. Яго дакумент не меў дагматычнага
характару – ён толькі звяртаў увагу на тое, што можа прынесці шкоду чалавецтву. Папа
падкрэсліваў, што Касцёл не павінен падпарадкоўвацца палітыкам і духу часу, яго місія
заключаецца ў абароне вечных каштоўнасцяў. Пій ІХ указаў на небяспеку, якую нясе ў
сабе сляпае вера ў навуку, што панавала ў ХІХ ст. Асудзіўшы камунізм, нацыяналізм
і лібералізм Пій ІХ імкнуўся абмяжаваць палітычны таталітарызм і грамадскі нігілізм.
Ад гэтых з’яваў свет пакутаваў на працягу ХХ ст. і працягвае цярпець сёння: не варта
забывацца, як рамантыкаў-нацыяналістаў ХІХ ст. змянілі Гітлер і Мусаліні, барцоў за
сацыяльную несправядлівасць змяніў Сталін, а вера ва ўсемагутнасць навукі працягвае
абражаць чалавечую годнасць, прыводзіць тысячы людзей да духоўнай адзіноты і спрыяе
нясучым смерць адкрыццям. Такім чынам, ідэі Пія ІХ можна назваць па-сапраўднаму прароцкімі,
бо ўсе “ізмы”, якія ён асудзіў ў ХІХ ст., ў ХХ ст. сталі ў наступстве прычынай самых
жудасных катастроф.