2012-04-24 14:17:52

Кардынал Кох: экуменізм – гэта не “не адзін з варыянтаў, але абавязак”


RealAudioMP3 Экуменізм для Каталіцкага Касцёла – гэта не “не адзін з варыянтаў, але абавязак”, абавязак кожнага верніка, падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох падчас лекцыі ў Венскім універсітэце. Хрысціянскі экуменізм не проста дадатак да жыцця Касцёла, але фундаментальны элемент яго прыроды, звярнуў увагу ватыканскі іерарх. Размова аб “Патэнцыяле Дэкрэту аб экуменізме” стала кульмінацыяй сімпозіума з нагоды 50-годдзя ІІ Ватыканскага Сабора, арганізаванага Венскім універсітэтам. У экуменічным дыялогу трэба адкрыта ставіць пытанне аб разуменні Касцёла, заявіў кардынал Кох. Таму трэба пытаць партнёраў па дыялогу, асабліва пратэстанцкія Цэрквы, як яны разумеюць Рэфармацыю: як “поўны разрыў” або прызнаюць “трывалую пераемнасць папярэдніх 1500 гадоў адзінства”, адзначыў кардынал. Паводле яго, ад высвятлення гэтага пытання залежыць
“будучыня экуменічнага дыялогу”.

У сённяшнім экуменізме размова ўжо не ідзе пра асобныя дактрынальныя адрозненні, але пра “іншую касцёльную структуру, іншы тып Касцёла”, сказаў кардынал Кох. Ён адзначыў важнасць хутчэйшай Эўхарыстычнай камуніі як наступнага кроку ў экуменічным дыялогу. Фундаментам экуменізму застаецца пытанне хросту і яго ўзаемнага прызнання.

Падчас свайго прабывання ў Вене, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству сустрэўся з арцыбіскупам Венскім кардыналам Крыстафам Шонборнам і праваслаўным Мітрапалітам Арсеніюсам (Кардамакісам).







All the contents on this site are copyrighted ©.