2012-04-24 16:33:00

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду


RealAudioMP3 Тэма апошніх нашых перадачаў - літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Сёньня я працягваю распавядаць пра ютрань.

Трапары нядзельныя

Мы спыніліся на трапарах нядзельных, якія таксама носяць назву Еўлагітарыя. Еўлагітарыя – гэта назва паходзіць ад грэцкага слова eulogitos – блаславёны, бо вершы гімну сьпяваюцца ўперамежку з вершым з Псалму 118(119): «Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне тваіх пастановаў». Вось кароткі фрагмент гэтага сьпеву:

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне тваіх пастановаў.
Міраносіцы на досьвітку пабеглі з плачам да магілы Тваёй, але анёл зьявіўся ім і сказаў: Час сьлёзаў мінуў, спыніце плач і абвясьціце ўваскрасеньне апосталам.
Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне тваіх пастановаў.
Жанчыны-міраносіцы прынесьлі міра да магілы Тваёй, Спасе, плачучы; але анёл адазваўся да іх, кажучы: Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых? Ён як Бог уваскрос з магілы!

Гіпакоі і Ўзыходныя песьні

У нядзелі, пасля еўлагітарыі, людзі сьпяваюць гіпакоі і ўзыходныя песьні. Гэта па сутнасьці зьменныя часткі, гімны адпаведнага тону, якія знаходзяцца ў Актоіху.

Узыходныя песьні васьмі таноў зьяўляюцца вольнай паэтычнай парафразай псалмаў 18 катызмы. Некалькі словаў пра гэту групу псалмоў. Вось жа ў 18 катызму ўваходзяць Псалмы 119(120) – 133(134), якія называюцца ўзыходнымі. Такую назву яны атрымалі, бо габрэі сьпявалі іх узыходзячы па прыступках ерусалімскай сьвятыні, рыхтуючыся да ўваходу ў яе.

Падобным чынам і ўзыходныя песьні рыхтуюць нас да чытаньня Евангельля. Вось фрагмент такой песьні з чацьвёртага тону Актоіха, антыфан 3:

Сэрца маё ўзьнясецца да Цябе, Слова. Хай у слабасьці маёй ніякая краса сьвету не заманіць мяне сваёй асалодаю.
Кожны з нас мае любоў да маці сваёй, тым больш нам трэба палаць любоўю да Госпада.
Слава... цяпер...
Праз Духа Сьвятога прыходзіць богапазнаньне, сузіраньне і мудрасьць, бо праз Яго Слова абвяшчае запаветы Айца.

Характарэстычнай асаблівасьцю ўзыходных песен зьяўляецца тое, што верш, які знаходзіцца пасля слава і цяпер... прысьвечаны заўсёды Сьвятому Духу, яго таямнічаму і жыцьцядайнаму дзеяньню ў сьвеце.

На вялікія сьвяты ў Часаслове пададзеныя адразу ўзыходныя песьні з чацьвёртага тону (1 антыфану).
Пракімен, чытаньне Евангельля і «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова»

Пасля ўзыходных песен сьпяваюцца два пракімена, якія папярэджваюць чытаньне Евангельля. Першы пракімен бярэцца з Актоіха або Мінэі, другі ўяўляе з сябе сталую частку, якая знаходзіцца ў Часаслове. Вось гэты сталы пракімен:

Дыякан: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Дыякан: Хваліце Бога ў сьвятынях Яго; * хваліце Яго ў непахіснасьці сілы Яго.
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Дыякан: Усё, што жыве.
Людзі: Хай хваліць Госпада.

Далей чытаецца Евангельле. Трэба адразу зазначыць, што тэматычна фрагменты Евангельля на вялікія сьвяты тычацца падзеі, якую ўзгадваем ў дадзенае сьвята. У нядзелі ж заўсёды чытаецца ўрывак Евангельля пра Хрыстовае Ўваскрасеньне.

У сувязі з гэтым усе ўрыўкі пра Ўваскрасеньне сабраныя ў 11 чытаньняў, які чытаюцца па чарзе (у кожную нядзелю па чытаньню). Айцец Барыс Бабрынскі зазначвае ў сваёй кнізе «Літургічнае жыцьцё», што такая традыцыя склалася ўжо ў IV стагодзьдзі і практыкавалася ў царкве Ўваскрасеньня ў Ерусаліме. Пасля чытаньня Евангельля, сьвятар кладзе кнігу Евангельля на аналой для пакланеньня. У гэты час сьпяваецца пасхальны сьпеў «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова»:

Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог наш, апроч Цябе іншага ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя, паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз крыж прыйшла радасьць усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім у песьнях уваскрасеньне Яго, бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў.

Шаноўныя радыёслухачы, мы скончылі разважаць другую, сьвяточную частку ютрані. У наступнай перадачы я пачну распавядаць пра трэцюю дзённую, апошнюю частку ютрані.







All the contents on this site are copyrighted ©.