2012-04-24 11:23:06

Арцыбіскуп Сіэтла: “падарунак” – дапамагаць у рэформе Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц ЗША


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Сіэтла Пітэр Сартэйн успрыняў “як падарунак” сваё прызначэнне ў якасці таго, хто ад імя Апостальскай Сталіцы будзе дапамагаць у рэформе Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША (LCWR). “Веру і малюся кожны дзень, каб, у першую чаргу, рабіць тое, што патрабуе Пан, і тое, што патрабуе Святы Айцец”, - сказаў арцыбіскуп. Іерарх атрымаў прызначэнне пасля чатырохгадовай візітацыі, якую правяла Кангрэгацыя Веравучэння ў Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц. Пасля яе было заяўлена аб дактрынальным крызісе ў арганізацыі. Сярод асноўных высноў, да якіх прыйшлі візітатары: сур’ёзныя тэалагічныя і дактрынальныя памылкі ў выступленнях на асамблеях Канферэнцыі ў апошнія гады і скажонае бачанне манаскага жыцця.

Арцыбіскуп Сіэтла сказаў, што спадзяецца “працаваць у пазітыўным накірунку”, прызнаючы “выдатны ўклад законніц у Злучаных Штатах”. Ён высока ацаніў поўнае прысвячэнне жыцця законніц Хрысту, якія служаць ахвяруючы сабой для любові, каб быць увасабленнем самаго Евангелля і заставацца ў адносінах з Хрыстом усё жыццё. “Я думаю, што гэта выдатнае сведчанне для свету, у чым я пераконваўся ўсё маё жыццё, працуючы ў чатырох дыяцэзіях”, - сказаў іерарх.

Канферэнцыя вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША (LCWR) налічвае больш за 1500 членаў; да супольнасцяў, якія яны ўзначальваюць, належыць больш за 46 тыс. законніц. Сярэдні ўзрост членаў Канферэнцыі складае 74 гады.







All the contents on this site are copyrighted ©.