2012-04-23 12:08:57

Францыя: католікі галасавалі за Сарказі і Байру


RealAudioMP3 Французскія католікі абіралі галоўным чынам Нікаля Сарказі. Як паведамляе 23 красавіка каталіцкая газета “La Vie”, за дзеючага прэзідэнта і лідэра Саюза за народны рух (Union pour un mouvement populaire) прагаласавалі 47% практыкуючых католікаў. У цэлым, Сарказі, паводле папрярэдніх падлікаў, атрымаў каля 26,9% галасоў. Толькі на чацвёртым месцы па папулярнасці сярод практыкуючых католікаў знаходзіцца лідэр прэзідэнцкай гонкі Франсуа Олланд – 14%, хоць у суме ён набраў 28,7% галасоў французскіх выбаршчыкаў.

Франсуа Байру, яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, апярэдзіў Олланда, паводле “La Vie”, і набраў сярод практыкуючых католікаў 17% галасоў, хоць за яго прагаласавала толькі 8,8% французаў. Нават Марын Ле Пэн (якая набрала па ўсёй краіне 18,5%), у каталіцкім сегменце атрымала 15% галасоў. “La Vie” адзначае, што сюды трэба дадаць таксама галасы непрактыкуючых католікаў, і вынік будзе яўна не на карысць Франсуа Олланда.

Апошні ў сваёй перадвыбарчай кампаніі выказваўся за легалізацыю актыўнай эўтаназіі для людзей з невылечнымі хваробамі, якія выкажуць адпаведнае жаданне. За гэта ён быў падвергнуты вострай крытыцы з боку Касцёла. Іншыя кандыдаты заявілі, што не маюць жадання і намеру змены дзеючага закона аб эўтаназіі. У Францыі, паводле заканадаўства, дапускаецца пасіўная эўтаназія, калі рашэнне прынята пасля кансультацыі з роднымі сумесна двума ўрачамі. Актыўная эўтаназія ў краіне з’яўляецца крымінальным злачынствам.







All the contents on this site are copyrighted ©.