23 красавіка Бэнэдыкт
ХVI скіраваў пасланне да ўдзельнікаў VII Сусветнага кангрэсу душпастырства турызму,
які праходзіць у Мексіцы з 23 па 27 красавіка. У ім Святы Айцец падкрэсліў вартасць
турызму як характэрнай з’явы нашага часу. Падобна чалавечаму існаванню – турызм, паводле
Папы, павінен быць асветлены і пераменены Божым словам. Пантыфік адзначыў, што Касцёл
падтрымлівае і спрыяе патэнцыялу турызма з самых яго пачаткаў, але, у той жа час,
адкрыта гаворыць аб рызыцы і небяспеках, звязаных з ім. “Турызм, разам з адпачынкам
і свабодным часам, становіцца прыярытэтнай прасторай для фізічнага і духоўнага аднаўлення,
спрыяе сустрэчам паміж людзьмі, якія належаць да розных культур, з’яўляецца нагодай
наблізіцца да прыроды, спрыяючы кантэмпляцыі, талерантнасці, міру, дыялогу і гармоніі
сярод разнастайнасці”, - падкрэсліў Пантыфік.
Папа звярнуў ўвагу на тое, што
турызм, як кожная іншая чалавечая рэальнасць, падвяргаецца небяспецы і негатыўным
з’явам. “Справа датычыць рознага роду зла, якое неабходна знішчыць тэрмінова, бо яно
парушае правы і годнасць мільёнаў мужчын і жанчын, асабліва з бедных слаёў насельніцтва,
дзяцей і інвалідаў, - падкрэсліў Пантыфік. - Адной з найбольш ганебных формаў такіх
адхіленняў, якія з маральнага, псіхалагічнага і медыцынскага пунктаў гледжання нішчаць
жыццё шматлікіх асоб і сем’яў, а таксама цэлых супольнасцяў – з’яўляецца секс-турызм”,
- звярнуў увагу Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што гандаль людзьмі для сексуальных
мэтаў або трансплантацыі органаў, эксплуатацыя непаўналетніх, жорсткае абыходжанне
з імі або катаванне, нажаль,часта адбываюцца ў кантэксце турызму. “Усё гэта павінна
выклікаць у душпастыраў, прафесіяналаў свету турыстыкі, а таксама ўсёй міжнароднай
супольнасці, павышэнне руплівасці, з мэтай прадухіліць і спыніць гэтыя злачынствы”,
- адзначыў Пантыфік.
Папа вызначыў тры сферы, на якія душпастырства турызму
павінна звярнуць асаблівую ўвагу: па-першае, спрыяць развіццю этычнага і адказнага
турызму, па-другое, паказаць, што турыстычныя маршруты могуць з’яўляцца шляхам да
Бога, і таму варта арганізоўваць іх з павагай да святых месцаў. Трэцяя сфера, на якую
звярнуў увагу душпастыраў Пантыфік, гэта дапамога хрысціянам у выкарыстанні адпачынку
і свабоднага часу для чалавечага і духоўнага росту.