2012-04-23 14:01:20

Арцыбіскуп Чэллі раскажа ў Аўстрыі аб новай евангелізацыі і новых СМІ


RealAudioMP3 Новая евангелізацыя, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі стануць прадметам дыскусій падчас буйной канферэнцыі, якая пачнецца 27 красавіка ў аўстрыйскім абацтве Хайлігенкройц. Сюды прыедзе высокі прадстаўнік з Ватыкану, арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Мясцовыя і міжнародныя спецыялісты будуць дыскутаваць над тым, як абвяшчаць Евангелле на “лічбавым кантыненце”. Арганізатарамі форуму выступілі Вышэйшая філасофска-тэалагічная школа Хайлігенкройц і Аддзел па сувязях з грамадскасцю і камунікацыях Венскай архідыяцэзіі.

Мэта канферэнцыі – вызначыць як шансы і магчымасці, так і межы і небяспекі ўдзелу Касцёла ў новых сацыяльных медыя. Апошнія з’яўляюцца неад’емнай часткай паўсядзённай мовы, адзначаюць арганізатары ў прэс-рэлізе і выказваюць меркаванне, што “Касцёл павінна быць там – дзе людзі. Вера павінна пераказвацца ў тых формах камунікацыі і культуры, якія ўжывае сучасны чалавек”. Цэнтральнай падзеяй форуму стане рэферат арцыбіскупа Чэллі аб “Новай евангелізацыі і новых сродках масавай камунікацыі”.

Трэба адзначыць, што абацтва Хайлігенкройц невыпадкова абрана месцам правядзення канферэнцыі. Тут актыўна выкарыстоўваюць новыя сацыяльныя медыя. Так, пасля візіту сюды ў 2007 г. Бэнэдыкта XVI, абацтва заснавала свой канал у “YouTube”. На сённяшні дзень на ім знаходзіцца 305 відэасюжэтаў, якія праглядзела ўжо амаль 2,5 млн чалавек. Гэты і іншыя паспяховыя праекты ў галіне новых сродкаў масавай інфармацыі будуць таксама прадстаўлены на двухдзённым форуме.







All the contents on this site are copyrighted ©.