2012-04-22 13:03:00

Нунцый у Бахрэйне заклікае да міру і дыялогу


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый у Бахрэйне, арцыбіскуп Пэтар Раіч, заклікаў да міру і дыялогу ў краіне. Напярэдадні нядзельнага этапу “Формулы 1” у Бахрэйне ўспыхнулі пратэсты і беспарадкі. “Насілле не павінна выйсці з-пад кантролю, яго трэба спыніць”, - заявіў ён у інтэрв’ю нашаму радыё. “Мы выказваемся за мір і супраць насілля – пры любых абставінах. Мы за дыялог паміж рознымі групамі ў краіне для дасягнення парадку, міру і ўзаемнай павагі для ўсіх”, - сказаў Апостальскі нунцый.

Напружанасць у Бахрэйне, якая ўзнікла падчас так званай “арабскай вясны”, вярнулася назад, паведаміў, родам з Харватыі, ватыканскі дыпламат, які прадстаўляе Святы Пасад у Кувейце, Емене, Катары, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і, у якасці дэлегата, на Аравійскім паўвостраве. Повадам для пратэстаў стаў канфлікт паміж суніцкай каралеўскай сям’ёй і шыіцкай большасцю.

З 800 тыс. жыхароў каралеўства каля 80 тыс. з’яўляюцца католікамі, паведаміў арцыбіскуп. Яны не былі ўцягнуты ў канфлікт, іх сітуацыю можна ахарактэрызаваць як добрую. “Пакуль на іх, слава Богу, не аказвалася ніякага ціску і не стваралася цяжкасцяў. Іх цэняць у грамадстве”, - паведаміў арцыбіскуп Раіч нашаму радыё.







All the contents on this site are copyrighted ©.