2012-04-22 13:57:22

Бэнэдыкт XVI перад “Regina Caeli”: Першая Святая Камунія – падрыхтаваць з запалам, але і прастатой


RealAudioMP3 Да пераадолення першапачатковых сумневаў і адкрыцця дару веры заклікаў 22 красавіка Бэнэдыкт XVI сабраных на плошчы св. Пятра перад велікоднай малітвай “Regina Caeli”. Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус пасля свайго ўваскрасення рэальна прысутнічае ў сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі. Ён заклікаў святароў і катэхетаў сур’ёзна падыходзіць да падрыхтоўкі дзяцей да Першай Святой Камуніі, каб даць ім шанс, падобна вучням з Эмаус, сустрэць сапраўднага Хрыста. “Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся да вернікаў Папа. - Сёння, у Трэцюю Велікодную нядзелю, мы сустракаем у Евангеллі паводле Лукі ўваскрослага Езуса, які з’яўляецца сярод вучняў (пар. Лк 24, 36) – поўных недаверу і страхаў – яны думаюць, што ўбачылі духа (пар. Лк 24, 37). Рамана Гуардзіні пісаў: “Пан змяніўся. Ён не жыве так, як раней. Яго існаванне (...) не можа быць зразумета. Але яно з’яўляецца існаваннем цялесным (...), ахоплівае ўсё Яго жыццё, усё прадвызначэнне; Яго муку і смерць. Усё гэта рэальнасць. Хоць і перамененая, але заўсёды адчувальная” (Il Signore. Meditazioni sulla persona e la vita di N.S. Gesù Cristo, Milano 1949, 433). А паколькі ўваскрасенне не выдаляе слядоў укрыжавання, Езус паказвае вучням рукі і ногі. І, каб іх пераканаць, нават просіць у іх паесці. Такім чынам, вучні “падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі” (Лк 24, 42-43). Св. Грыгорый Вялікі каментуе, адзначаючы, што “печаная рыба не азначае нічога, акрамя мукі Езуса Хрыста, Пасярэдніка паміж Богам і людзьмі. Бо Ён быў ласкавы схавацца ў водах роду чалавечага, ён пагадзіўся быць схопленым у пастку нашай смерці і перажыў боль падчас мукі” (Hom. in Evang. XXIV, 5: CCL 141, Turnhout 1999, 201).

Дзякуючы гэтым вельмі рэалістычным знакам вучні пераадольваюць першапачатковыя сумневы і адкрываюцца на дар веры, веры, якая дазваляе ім зразумець, што напісана пра Хрыста “у законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах” (Лк 24, 44). Мы чытаем там, што Езус “асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў (...) А вы – сведкі гэтага” (Лк 24, 45-48). Збаўца запэўнівае нас у сваёй рэальнай прысутнасці сярод нас праз Слова і Эўхарыстыю. Такім чынам, як вучні з Эмаус пазналі Езуса падчас ламання хлеба (пар. Лк 24, 35), таксама і мы сустракаем Пана ў Эўхарыстыі. У сувязі з гэтым, св. Тамаш Аквінскі тлумачыць, што “неабходна прызнаць, у адпаведнасці з каталіцкай верай, што ўвесь Хрыстус прысутнічае ў гэтым сакрамэнце (...), бо ніколі боскасць не пакідала цела, якое прыняла” (S.Th. III, q. 76, a. 1).

Дарагія сябры, у Велікодны перыяд Касцёл, як правіла, удзяляе дзецям Першую Святую Камунію. Таму я заклікаю душпастыраў, катэхетаў і бацькоў добра падрыхтаваць гэта свята веры, з вялікім запалам, але і прастатой”. (...) Гэты дзень застаецца ў памяці, як першы момант, калі (...) разумеецца важнасць асабістай сустрэчы з Езусам” (паслясінадальная Апостальская адгартацыя “Sacramentum Caritatis”, 19). Няхай Маці Божая дапамагае нам у старанным слуханні Слова Пана і годным удзеле ў Эўхарыстычнай ахвяры, каб станавіцца сведкамі новага чалавецтва.

Пасля малітвы “Regina Caeli” Святы Айцец удзяліў апостальскае благаслаўленне і звярнуўся да сабраных чаргова на італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай і польскай мовах. Папа ўзгадаў пра ўчарашнюю беатыфікацыю ў Мексіцы мясцовай законніцы Марыі Інэс Тэрэзы ад Найсвяцейшага Сакрамэнту і Дзень каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, які праходзіць сёння ў Італіі, пад дэвізам “Будучыня краіны ў сэрцах маладых”. Пантыфік падкрэсліў важнасць фарміравання маладых людзей, заснаванага не толькі на навуковых і тэхнічных ведах, але перш за ўсё на каштоўнасцях.







All the contents on this site are copyrighted ©.