2012-04-21 12:14:29

Кс. Ламбардзі: пажаданні Папе на восьмы год пантыфікату


RealAudioMP3 У сувязі з пачаткам восьмага году пантыфіката Бэнэдыкта XVI, кс. Фэдэрыко Ламбардзі, дырэктар Ватыканскага радыё і кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы, заклікаў павіншаваць Папу і пажадаць яму выканання яго жаданняў і вырашэння праблем, якія яго хвалююць. “Пажадаем яму ажыццявіць дыялог з Братствам св. Пія Х, бо ён сам гэтага жадае, а значыць, пераадолець балючы падзел і не дапусціць, каб ён паглыбіўся”, - заявіў кс. Ламбардзі. “Жадаем яму, даць пасланне любові і надзеі для сем’яў усяго свету ў сувязі з яго падарожжам у Мілан. Жадаем, каб яго заклікі і запрашэнні да адзінства ў Касцёле, скіраваныя да некаторых груп, былі выслуханы з павагай і увагай, а таксама, каб была зразумета іх важнасць”, - заклікаў езуіт. Ён заахвоціў пажадаць Папе, каб Касцёл у Ірландыі, пасля крызісу, звязанаму з сексуальнымі злачынствамі, з дапамогай Эўхарыстычнага кангрэса ў Дубліне, працягваў залечваць раны і ачышчацца і “такім чынам здзейсніў сапраўднае служэнне для ўсяго грамадства ў сферы абароны непаўналетніх”.

“Пажадаем, каб падарожжа ў Ліван дало яму магчымасць скіраваць пасланне міра ў краіны, якія перажываюць драматычныя канфлікты і пасланне падтрымкі для касцёльных супольнасцяў, якія перажываюць выпрабаванні. Каб юбілей ІІ Ватыканскага Сабора стаў нагодай для адэкватнага і спакойнага разумення яго эпахальнага паслання, “компаса для Касцёла нашага часу”, - заклікаў дырэктар Ватыканскага радыё.

Кс. Ламбардзі ў сваё аўтарскай рубрыцы “Octava Dies” заклікаў пажадаць Папе, каб Сінод аб новай евангелізацыі ўзбагаціў Касцёл крэатыўнасцю і запалам у выкананні сваёй місіі, “каб Год веры не быў толькі нагодай для хвалебных ініцыятыў і прыгожых цэлебрацый, але абнаўленнем глыбокіх адносін паміж вернікамі і Богам і Яго Сынам Езусам Хрыстом, у кантэксце ўсё большага забыцця рэлігійнага вымярэння жыцця і чалавечага шляху ў гісторыі”. “Пажадаем, каб ён падарыў нам апошнюю частку сваёй кнігі пра Езуса”, - сказаў кс. Ламбардзі. Акрамя таго, езуіт заклікаў пажадаць Папе прыняць удзел у Сусветных днях моладзі, якія пройдуць у Рыа дэ Жанейра ў 2013 г., “хоць яны адбудуцца ўжо на дзевятым годзе пантыфіката”.







All the contents on this site are copyrighted ©.