2012-04-21 14:54:33

Ватыканская газета ўзгадвае Дастаеўскага


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” змяшчае на сваіх старонках разважанне над выразам рускага пісменніка і філосафа Фёдара Дастаеўскага “Прыгажосць збавіць свет”. “Прырагатыва прыгажосці не заключаецца ў тым, каб збаўляць свет, але няўмольна заставацца ў ім; і ў гэтай прысутнасці прыгажосць становіцца адзінай надзеяй для свету”, - лічыць аўтар артыкула, спецыяліст ў галіне тэорыі культуры, літаратуры, філасофіі і рэлігіязнаўства Таццяна Касаткіна. Яна адзначае, што “прыгажосць ужо прысутная ў свеце і, менавіта, дзякуючы гэтай прысутнасці, свет будзе збаўлены”. “Прыгажосць, не змагаецца як Бог, але прысутнічае, а збаўленне прыйдзе ў свет праз позірк чалавека, які здолее адкрыць яе ва ўсіх рэчах”, - лічыць аўтар артыкула. Разважаючы над творам Дастаеўскага “Ідыёт”, Таццяна Касаткіна падкрэслівае, што прыгажосць у адным чалавеку, становіцца імпульсам для іншых таксама імкнуцца да яе і адкрываць у сваім жыцці. “Тут па-сапраўднаму, а не сімвалічна, пачынаецца рух да будавання святыні змененага свету”, - адзначае аўтар артыкула і цытуе словы св. Серафіма Сароўскага “Збаў самаго сябе і вакол цябе збавяцца тысячы”.

Таццяна Касаткіна адзначае, што сустрэча з прыгажосцю ў іншых людзях натхняе чалавека да таго, каб ісці за імі і адкрываць, у чым заключаецца ўласная прыгажосць. Аднак, яна папярэджвае, што тут існуе пагроза радыкальнай памылкі, якая заключаецца ў тым, каб наследаваць прыгажосць толькі павярхоўна, але не змяняць свой унутраны свет. “Гэта перамяняецца ў эгаістычную спробу завалодаць прыгажосцю свету, вядзе да разбурэння гармоніі, да апазіцыі і барацьбы”, - адзначае аўтар. “Адкрыццё ўласнай прыгажосці, як адказ на адкрытую сабой прыгажосць, з’яўляецца шляхам, на якім чалавек становіцца крыніцай ласкі для свету”, - адзначае Таццяна Касаткіна.








All the contents on this site are copyrighted ©.