2012-04-20 16:19:04

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (VI)


RealAudioMP3 Тэма апошніх нашых перадачаў - літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Сёньня я працягваю распавядаць пра ютрань.

«Бог ёсьць Госпад» і «Алілуя»

У мінулай перадачы я распавёў пра двупсалміе і шэстапсалміе, якімі распачынаецца ютрань. Пасля іх наступае экценьня супакою, а пасля яе сьпеў Бог ёсьць Госпад:

«Бог ёсьць Госпад, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе» - гэта верш з Псалму 117 (118), які фактычна зьяўляецца прыпевам і паўтараецца пасля вершаў з таго ж псалму. Айцец Барыс Бабрынскій, кніга якога дапамагла мне падрыхтавацца да гэтай перадачы, зьвяртае ўвагу, што першапачаткова быў такім чынам сьпяваны ўвесь псалом, але паступова ад гэтай практыкі адышлі і сьпеў быў скарочаны да тых вершаў, якія знаходзяцца ў сучасным Часаслове.

Трэба зазначыць, што гэты псалм ёсьць пасхальным:

Слаўце Госпада, бо Ён добры, * бо міласэрнасьць Яго давеку.
Абступілі мяне з усіх бакоў, * і імем Гасподнім я перамог іх.
Не памру, але буду жыць * і абвяшчаць дзеі Гасподнія.
Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў вуглавым каменем:*
ад Госпада гэта,* і дзіўнае ў нашых вачох.

У Вялікім Посьце (і на пачатку Вялікага Тыдня) замест Бог ёсьць Госпад сьпяваецца сьпеў, які называецца Алілуя:

Сярод ночы імкнецца дух мой да Цябе, Божа: бо загады Твае – сьвятло на зямлі.
Алілуя, алілуя, алілуя. (так і пасьля наступных вершаў).
Навучыцеся справядлівасьці вы, што жывяце на зямлі.
Гневам Тваім наведай людзей непаслухмяных.
Упакор, Госпадзе, упакор магутных зямлі.

Сьпеў Алілуя, разам з вершамі, падкрэслівае начны аспект багаслужэньня. Першапачаткова менавіта гэты псалм сьпяваўся ў данным месцы ютрані, аднак паступова сьпеў Бог ёсьць Госпад выцясьніў сьпеў Алілуя.

Пасля Бог ёсьць Госпад сьпяваюцца адпаведныя трапары і багародзічны, а пасля Алілуя сьпяваюцца вялікапосныя траечные песьні. Сама назва гаворыць аб трынітарнай тэматыцы гэтай зьменнай часткі. Вось прыклад такой песьні:
Тройца адзінасутная і неразьдзельная, Адзінства ў трох і роўна вечных асобах! Табе як Богу анёльскую песьню ўсклікаем: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, [...]

Слава...: Айца беспачатнага, субеспачатнага Сына, і роўна вечнага з імі Духа, адзінае Боства, падобна хэрувімам славіць асьмельваемся і кажам: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі ўсіх сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі.

Цяпер...: Судзьдзя нечакана прыйдзе, і ўчынкі кожнага стануцца яўнымі; але ў страху клічам апоўначы: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі.

Чытаньне Псалтыру

Пераходзім да апошняга элемента начной часткі ютрані – чытаньня Псалтыру. Нагадваю, што Пслалтыр у бізантыйскай літургічнай традыцыі падзелены на 20 частак, якія называюцца катызмамі, і павінен быў прачытвацца за тыдзень. Першая катызма чытаецца ў суботу вечарам на вячэрняй, а на нядзельнай ютрані чытаюцца наступныя дзьве катызмы і г.д. На жаль у сучаснай практыцы чытаньне псалтыру часта скарачаецца. Зьвяртае на гэта ўвагу таксама і а. Барыс Бабрынскій. На яго думку Псалтыр павінен вярнуцца на належнае яму месца ў багаслужэньні сутачнага кола.

Канешне, паўстаюць у сувязі з гэтым шматлікія пытаньні. Напрыклад, якім чынам рэарганізаваць чытаньне Псалтыру, каб малітва Часасловам была даступна кожнай супольнасьці вернікаў, якія жадаюць маліцца малітвай Царквы? Быць можа варта зрабіць так, каб у сучаснай практыцы прачытваць увесь Псалтыр за 4 тыдня, або нават і больш? Напэўна падобныя пытаньні паўстаюць перад ерархамі, сьвятарамі ды вернікамі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. Я ж з свайго боку толькі хацеў зазаначыць, што такая праблема існуе.

Паліелей

Паліелеем распачынаецца «Нядзельная і сьвяточная частка». Ён па сутнасьці зьяўляецца сьпяваньнем Псалмаў 134(135) і 135(136). Грэцкае слова polieleos азначае «шматміласэрны». Гэта назва бярэцца з Псалму 135(136), дзе ў кожным вершы паўтараюцца, як прыпеў словы: «бо павек міласэрнасьць Яго». Зноў жа на практыцы сьпяваецца некалькі вершаў з псалмаў з прыпевам «Алілуя! Алілуя! Алілуя!».

У гэты момант адчыняецца райскай брама, праз якую выходзяць сьвятары. Адзін з іх выносіць на сярэдзіну царквы ікону і кладзе яе на тэтрапод (невялікі столік, аналаг крэдэнцыі ў лацінскам абрадзе). Далей адбываецца вялікае кажденьне храму.

У нядзелі літургічнага перыяду Перадпосьця да Паліелею дадаецца таксама Псалм 136 (137): Над рэкамі Бабілёну мы сядзелі і плакалі... У вялікія сьвяты далучаецца тут таксама і гэтак званае «Узьвялічваньне сьвята» (па-грэцку megalynaria, па-цэркоўнаславянску велічаніе). Па-грэцку megalynaria азначае «узвялічваць». Менавіта такім словам распачынаецца гэтая зьменная частка.








All the contents on this site are copyrighted ©.