2012-04-20 16:15:27

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (V)


RealAudioMP3 Я працягваю распавядаць пра літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Сёньня тэма нашай перадачы – ютрань.

Ютрань (гр. orthos) звычайна павінна пачынацца ў сярэдзіне начы, а сканчвацца на золку. Вось чаму гэтае багаслужэньне складаецца з трох ня роўных па часе трываня частак. Айцец Барыс Бабрынскій – папулізатар усходняга багаслужэньня - умоўна называе гэтыя часткі так: першая частка - «начная», другая - «нядзельная і сьвяточная» (гэта частка на ютрані штодзённай цалкам прапускаецца), трэцяя - «дзенная». Прадстаўлю вам кароткую схему візантыйскай Ютрані.

І. Начная частка

- Пачатковыя малітвы і двупсалміе (або Царскае багаслужэньне), якое прапускаюцца пад час начнога чуваньня
- Шэсьць псалмоў (шэстапсалміе)
Міраня літанія (Вялікая екцення)
- «Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам» або «Алілуя» (пад час Вялікага Посту)
- Трапар дня або сьвята, або траечныя песьні (трынітарныя гімны) у час Вялікага Посту
- Чытаньне Псалтыра (чарговыя катызмы)

ІІ. Нядзельная і сьвяточная частка

- Паліелей («Хваліце Імя Гасподняе, хваліце, слугі, Госпада. Алілуя, алілуя, алілуя»)
- Узьвялічваньне сьвята («Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў»)
- Гіпакоі і Ўзыходныя песьні
- Пракімен і «Усё, што жыве, хай хваліць Госпада»
- Чытаньне Евангельля
- «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова»

ІІІ. Дзенная частка

- Пслам 50
- Канон з песьняй Багародзіцы «Душа мая абвяшчае веліч Госпада» (Magnificat) перад дзевятай песьняй
- Экзапастыляр (або сьвяцільнік)
- Пахвальныя псалмы (Laudesy)
- Вялікае ўслаўленьне (Вялікае славаслоўе)
- Трапар дня, літаньні
- Водпуст

Начная частка – двупсалміе і шэстапсалміе

Двупсалміе, якім распачынаецца ютрань, спалучана з трапарамі і літаньняй за сьвецкую ўладу – цароў і войска. На практыцы часта прапускаецца (заўсёды ў нядзелю і сьвята).

Далей начная частка часткова паўтарае начное багаслужэньне – палуночніцу. Маем тут з падобнымі матывамі. Гэты матыў акрэслівае хаця б першы псалм з шэстапсалмія – Псалм 3. Гэты псалм, як заўважае ў сваёй кніге «Літургічнае жыцьцё» айцец Барыс Бабрынскій, належыць да асновы, на якой будуецца ўся палуночніца. Дазвольце, што зацытую вам, сябры, фрагмент гэтага псалму:

Госпадзе, як размножыліся ворагі мае, як шмат тых, што паўстаюць супраць мяне.
Многа тых, што кажуць мне:Няма яму збаўленьня ў Бога”.
Але Ты, Госпадзе,мой шчыт і слава мая: Ты падымаеш галаву маю.
Я голасна клікаў Бога, і Ён пачуў мяне з гары сьвятой сваёй.
Я лёг і заснуў, і прачнуўся, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Гэткім чынам пачатак шэстапсалмія заахвочвае нас да «абуджэньня» і аптымізму, ня гледзячы на розныя цяжкасьці ў нашым жыцьці, пра якія гаворыць ад першай асобы псалмапеўца – пераследваньні і цярпеньні. Гэта тэма паўтараецца таксама ў наступным Псалме 37:

Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.
Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма супакою касьцям маім з прычыны грэху майго.
Бо правіны мае перавысілі галаву маю, як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.
Тхнуць, загніўшы, раны мае з прычыны маёй неразумнасьці.
Прыніжаны, я сагнуўся вельмі, увесь дзень сумны хаджу.
Паясьніца мая поўная жару, і няма здаровага месца на целе маім.
Аслаб я, разьбіты звыш меры, і стогне сэрца маё.

Першую частку шэстапсалмія (бо яно дзеліцца на два блока: 3+3 псалмы) сканчвае Псалм 62:

Божа, ТыБог мой! Цябе пільна шукаю.
Душа мае жадае Цябе, Цябе шукае цела маё, высахлае як зямля сасмаглая і бязводная.
Я выглядаю Цябе ў сьвятыні, каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю.
Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае будуць славіць Цябе.
Буду хваліць Цябе, пакуль буду жыць, і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае.
Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць.
Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў.

Гэты псалм працягвае апісваць экзістэнцыяльнае становішча чалавека, але, як можна заўважыць, тут адбываецца перамяшчэньне акцэнту з асабістага цярпеньня псалмапеўцы на «сум па Богу», на прагненьне супрычаснасьці з Ім. Тэма цярпеньня працягваецца таксама і ў апошніх трох псалмах. Яны прыгадваюць пра сьмерць, але таксама і надзею. Гавораць пра малітву, якая, як здаецца не даходзіць да Бога, аднак таксама перадаюць словы непахіснай вернасьць Госпаду Богу.

Пад час чытаньня шасьці псалмоў, сьвятар перад зачыненай райскай брамай чытае тайныя малітвы. Тайныя малітвы названыя так, бо чытаюцца яны ціха. На гэтым, шаноўныя радыёслухачы, я, а. Андрэй Буйніч, развітваюся з вамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.