2012-04-19 12:26:21

Дактрынальны “крызіс” у Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц ЗША


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца заклікае да рэформ Канферэнцыю вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША (LCWR). Аб гэтым паведаміў Арцыбіскуп Сіэтла Пітэр Сартэйн. Да такіх высноў прыйшла Кангрэгацыя Веравучэння, падвёўшы вынікі сваёй шматгадовай дактрынальнай ацэнкі Канферэнцыі, якая налічвае больш за 1500 членаў. У спецыяльным дакуменце ватыканская дыкастэрыя патлумачыла, што “больш увагі неабходна надаваць як адносінам Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц з Канферэнцыяй Біскупаў, так і неабходнасці стварэння трывалай дактрынальнай асновы ў веры Касцёла”.

Сярод асноўных вынікаў ацэнкі: сур’ёзныя тэалагічныя і дактрынальныя памылкі ў выступленнях на штогадовых асамблеях Канферэнцыі ў апошнія гады, а таксама скажонае бачанне манаскага жыцця. У дакуменце прыводзяцца прыклады рэлігійнасці сясцёр, якая “выходзіць за рамкі Касцёла”. Акрамя таго, у ім выказваецца заклапочанасць “некаторымі радыкальнымі фемінісцкімі тэндэнцыямі, несумяшчальнымі з каталіцкай верай”, якія распаўсюджваліся ў некаторых праграмах і прэзентацыях пад эгідай Канферэнцыі. Яны ўтрымліваюць рызыку скажэння навучання Касцёла аб боскасці Хрыста, Найсвяцейшай Тройцы, Эўхарыстыі і натхнення Святога Пісання. У некаторых заявах Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША гучала нязгода з навучаннем Касцёла пра чалавечую сексуальнасць і пратэсты супраць меркавання Святога Пасаду на тэму пасвячэння жанчын і людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі.

Кангрэгацыя Веравучэння прыйшла да высновы, што арцыбіскуп Сартэйн на працягу пяці будзе шчыльна працаваць з кіраўніцтвам Канферэнцыі над новымі статутамі, якія затым будуць прадстаўлены для зацвярджэння Святому Пасаду. Акрамя таго, ён будзе зацвярджаць тэксты выступленняў ад імя Канферэнцыі на буйных форумах.

Кардынал Уільям Левада, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, заявіў, што высновы дактрынальнай ацэнкі накіраваны на “умацаванне і сумеснае аднаўленне Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША”. Ён выказаў надзею, што новыя меры пакладуць “ больш моцныя дактрынальныя асновы для вялікай колькасці станоўчых ініцыятыў і мерапрыемстваў Канферэнцыі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.