2012-04-17 14:41:52

Кардынал Кох: у экуменічным дыялогу "пілотам" з’яўляецца Святы Дух


RealAudioMP3 Сцвярджэнне, што Каталіцкі Касцёл стварае перашкоды ў экуменічным дыялогу – непраўдзівае. Гэта падкрэсліў 16 красавіка ў Рыме старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Наадварот – дадаў швейцарскі кардынал – Каталіцкі Касцёл, больш чым іншыя, адданы справе аднаўлення адзінства. Ватыканскі іерарх абверг крытыку, што маўляў, падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI дыялог з праваслаўнымі стаў больш інтэнсіўным, чым з пратэстантамі. Кардынал Кох адзначыў, што Папа свядома прызначыў яго старшынёй Рады, мяркуючы, што, як былы біскуп Базэля, прынясе свой досвед працы менавіта з пратэстанцкімі супольнасцямі.

На думку іерарха, зараз заўважаецца адыход ад “экуменізму кансенсуса” у бок “экуменізму адрозненняў”, заснаванага на пераадоленні розніц, якія з’яўляюцца непераадольнымі. Кардынал Кох прызнаў, што не зацікаўлены апошнім варыянтам, паколькі яго пастаяннай мэтай з’яўляецца адзінства Касцёла. “Прамежкавая мэта”, якой было б прызнанне ўсіх Цэркваў з іх разнастайнасцю, таксама не пераконвае іерарха.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, прызнаў, што пасля ІІ Ватыканскага Сабору спадзяванні дасягнуць адзінства былі занадта высокія. Не варта забывацца, нагадаў іерарх, што падзел з Рэфармацкімі Цэрквамі трывае на працягу 500 гадоў, а праваслаўем – тысячы, а са старажытнымі Цэрквамі Усходу, нават больш за 1500 гадоў. Кардынал параўнаў экуменічны рух да падарожжа самалётам, якое, хоць і пачынаецца з хуткага старту, пасля доўгага палёту можа прывесці да думкі: “не вытрымаю”. Але тут “пілотам з’яўляецца Святы Дух”, заключыў кардынал Кох.







All the contents on this site are copyrighted ©.