2012-04-16 11:26:29

Легендарны нямецкі футбаліст: сустрэча з Папам змяніла маё жыццё


RealAudioMP3 Легендарны нямецкі футбаліст Франц Бэкенбаўэр, на старонках ватыканскага выдання “L’Osservatore Romano” расказаў аб сваіх уражаннях ад сустрэчы з Бэнэдыктам ХVI. Былы спартсмен узгадаў, як у рамках падрыхтоўкі да Чэмпіяната свету па футболе ў 2006 г., ён будучы членам арганізацыйнага камітэта, падарожнічаў па многіх краінах свету. У Рыме іх дэлегацыя наведала агульную аўдыенцыю са Святым Айцом. Футбаліст расказаў, як на заканчэнне сваёй прамовы Пантыфік прывітаў арганізатараў чэмпіяната і асабіста паразмаўляў з ім. “Святы Айцец нечакана працягнуў мне руку. Цяжка апісаць падобныя моманты. Харызма, якая выпраменьвалася ад гэтага чалавека, яго ўнутраны спакой, годнасць і сардэчнасць – гэта ўсё мяне ўразіла да глыбіні”, - расказаў Бэкенбаўэр. Ён дадаў, што “у сваім жыцці сустракаўся з многімі вядомымі людзьмі, але гэтая сустрэча была асаблівай і безумоўна адной з самых кранальных у жыцці, якая запомніцца назаўсёды”.
Футбаліст расказаў, што падчас кароткай размовы са Святым Айцом ён уручыў Пантыфіку вымпел з лагатыпам Чэмпіяната свету па футболе. Бэкенбаўэр адзначыў, што Папа пытаўся аб футболе, аб падрыхтоўцы да чэмпіяната, ад стане нямецкай зборнай. Акрамя таго, футбаліст расказаў, што заўсёды носіць з сабой здымак, які быў зроблены падчас сустрэчы з Папам.
“Сустрэча з Бэнэдыктам ХVI змяніла нешта ў маім жыцці. З таго моманту я пачаў часцей хадзіць у касцёл. Калі Папа, праз некаторы час пасля чэмпіяната наведваў Германію я прачытаў усе яго прамовы. Ён тады заўсёды заклікаў вернікаў сведчыць аб хрысціянскай веры. Гэтыя словы я прыняў глыбока да сэрца”, - сказаў Франц Бэкенбаўэр.








All the contents on this site are copyrighted ©.