2012-04-15 13:35:31

Бэнэдыкт XVI перад “Regina Caeli”: мы перажываем факт бачання Езуса і адначасова непазнання Яго (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Аб хрысціянскім кульце, не толькі як успаміне мінулых падзей або выключным унутраным досведзе, але перш за ўсё сустрэчы з уваскрослым Панам, гаварыў 15 красавіка падчас разважанняў перад малітвай “Regina Caeli”, якой падчас велікоднага перыяду моляцца вернікі замест “Анёл Панскі”, Бэнэдыкт XVI. Пасля малітвы Пантыфік прывітаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў св. Імшы ў рымскім касцёле Святога Духа у Сассіі, месцы культу Божай міласэрнасці, дзе асаблівым чынам ушаноўваюцца рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай і бл. Яна Паўла ІІ. Яна была прымеркавана да Нядзелі Божай міласэрнасці, якую адзначае сёння Касцёл. “Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся да вернікаў Папа. - Кожны год мы святкуем Вялікдзень, нанава перажывае досвед першых вучняў Езуса, вопыт сустрэчы з Езусам уваскрослым: Евангелле св. Яна кажа, што вучні, убачылі Яго пасярод сябе, у Вячэрніку, у дзень уваскрасення, “першы дзень тыдня”, а затым яшчэ раз “праз восем дзён” (Ян 20,19.26). Гэты дзень, названы пасля “нядзеляй”, з’яўляецца днём сустрэчы хрысціянскай супольнасці, якая збіраецца на свой уласны культ – Эўхарыстыю – ад самага пачатку культ новы і адрозны ад юдэйскай суботы. На самой справе, святкаванне Дня Пана, вельмі пераканаўчы доказ Уваскрасення Хрыста, бо толькі надзвычайная і хвалюючая падзея магла прывесці першых хрысціян да заснавання новага культу, адрознага ад юдэйскага шабату.

Такім чынам, тады і цяпер, хрысціянскі культ не з’яўляецца толькі ўспамінам мінулых падзей або нейкім адмысловым унутраным досведам, але па сваёй сутнасці ёсць сустрэчай з уваскрослым Панам, які жыве ў вымярэнні Бога, па-за часам і прасторай, але, паміма гэтага, рэальна прысутнічае сярод супольнасці, прамаўляе да нас у Святым Пісанні і ломіць для нас хлеб вечнага жыцця. Праз гэтыя знакі і мы перажываем тое, што адчулі вучні, гэта азначае, факт бачання Езуса і адначасова непазнання Яго; дотыку да Яго цела, сапраўднага цела, але пазбаўленага зямных путаў.

Вельмі важна, аб чым кажа Евангелле, а менавіта, што Езус двойчы з’яўляючыся апосталам, сабраным у Вячэрніку, некалькі разоў паўтарае прывітанне “Спакой вам!” (Ян 20,19.21.26). Традыцыйнае прывітанне, праз якое адбываецца пажаданне “Шалом” – міру, становіцца тут нечым новым: яно ператвараецца ў дар гэтага спакою, які можа даць толькі Езус, таму што гэта вынік Яго радыкальнай перамогі над злом. “Спакой”, які Езус дае сваім сябрам, гэта плён Божай любові, якая прывяла Яго да смерці на крыжы, каб праліў усю сваю кроў, як лагоднае і пакорнае ягнё, поўнае “ласкі і праўды” (1 Ян, 14). Вось чаму бл. Ян Павел II пажадаў прысвяціць нядзелю пасля Вялікадня Божай міласэрнасці, выкарыстоўваючы вельмі выразны вобраз: прабітага боку Хрыста, з якога выплываюць кроў і вада, паводле відавочнага сведчання апостала Яна (Ян 19, 34-37). Аднак, Езус ужо ўваскрос, а ад Яго жывога выплываюць сакрамэнты хросту і Эўхарыстыі: той, хто прымае іх з верай, атрымлівае дар вечнага жыцця.

Дарагія браты і сёстры, прымем жа ахвяраваны нам уваскрослым Езусам дар спакою, дазволім, каб наша сэрца было напоўнена Яго міласэрнасцю! Такім чынам, з моцай Святога Духа, Духа, які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, мы таксама можам несці гэтыя пасхальныя дары. Няхай іх выпрошвае для нас Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці”.

Пасля малітвы “Regina Caeli” Бэнэдыкт XVI прывітаў сабраных на некалькіх мовах. Святы Айцец яшчэ раз звярнуў увагу на сімволіку і значэнне Нядзелі Божай Міласэрнасці, якая адзначаецца ў Касцёле сёння. Асаблівым чынам Пантыфік прывітаў польскіх пілігрымаў, што сабраліся ў гэты дзень у кракаўскім санктуарыі Божай міласэрнасці ў Лагеўніках, пасвячэнне якога здзейсніў пры жыцці бл. Ян Павел ІІ, які, дарэчы, і ўстанавіў гэту ўрачыстасць ва ўсім Касцёле.







All the contents on this site are copyrighted ©.