2012-04-14 13:35:53

Кс. Ламбардзі: быць удзячнымі Бэнэдыкту XVI за яго навучанне


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё, звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе Бэнэдыкт XVI адзначае 85 гадоў жыцця і 7 год пантыфікату. “Калі кардынал Ёзэф Ратцынгер быў абраны Папам, ён быў ужо ў сталым узросце. Многія тады хацелі, каб пантыфікат, які пачынаўся, пасля гадоў акрэсленых хваробай яго вялікага Папярэдніка, стаў вельмі інтэнсіўным і насычаным. Многія жадалі, каб тэолаг, які кіраваў на працягу доўгіх гадоў Кангрэгацыяй Веравучэння быў здольным прыняць на сябе іншую адказнасць – пастырскае кіраўніцтва Паўсюдным Касцёлам”, - адзначыў кс. Ламбардзі ў сваёй штотыднёвай рубрыцы на нашым радыё. “За гэтыя сем гадоў мы мелі ўжо 23 міжнародныя падарожжы ў 23 краіны свету і 26 падарожжаў па тэрыторыі Італіі. Мы былі сведкамі чатырох Сінодаў Біскупаў і трох Сусветных дзён моладзі. Мы прачыталі тры энцыклікі, шматлікія дакументы звязаныя з навучаннем Касцёла, выслухалі нязлічоную колькасць прамоў, перажылі Год св. Паўла, Год святарства. Мы бачылі, як Папа з адвагай, пакорай і рашучасцю, гэта значыць згодна з евангельскім духам, прымаў цяжкія сітуацыі, як напрыклад сучасны крызіс звязаны з сексуальнымі злачынствамі”, - падкрэсліў іезуіт.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што Папа падараваў вернікам сваю працу аб Езусе з Назарэта і кнігу-інтэрв’ю “Святло света”. “Дзякуючы паслядоўнасці і пастаянству яго навучання, мы ўбачылі, што прыярытэтам яго служэння Касцёлу і чалавецтву з’яўляецца тое, каб скіроўваць жыццё да Бога – Бога, які даў пазнаць сябе ў Езусе Хрысце”, - сказаў дырэктар Ватыканскага радыё. Ён дадаў, што дзякуючы Папе мы навучыліся таму, што вера і розум дапамагаюць адно аднаму ў пошуку праўды і ў адказах на чаканні і пытанні, які ставіць кожны з нас і ўсё чалавецтва разам. “Цяпер мы ведаем, што забыццё Бога і рэлятывізм з’яўляюцца найбольшымі пагрозамі нашага часу. За ўсё тое, чаму ён нас навучыў мы ўдзячныя”, - сказаў кс. Ламбардзі. Ён падкрэсліў, што шлях разам з Бэнэдыктам XVI працягваецца і Касцёл жыве ў чаканні Сусветнай сустрэчы сем’яў, падарожжа на Блізкі Усход, Сінода аб новай евангелізацыі і Года веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.