2012-04-13 11:06:06

Святы Пасад адзначае станоўчую рэакцыю на новага нунцыя ў Ірландыі


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца адзначае станоўчую рэакцыю ў Ірландыі на дзейнасць новага Апостальскага нунцыя. Сродкі масавай інфармацыі ў краіне паведамляюць у пазітыўным ключы аб пачатку дыпламатычнай місіі арцыбіскупа Джона Чарльза Браўна, піша сённяшняя “L’Osservatore Romano”. Дыппрадстаўнік Святога Пасаду ўжо ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Ірландыі Майклу Хігінсу. Падчас цырымоніі адбылася размова, якую нунцый ахарактэрызаваў як “сардэчную”. Хігінс выказаў упэўненасць у “добрых дыпламатычных адносінах” паміж Святым Пасадам і Ірландыяй. У цэнтры ўвагі былі пытанні “грамадскіх і касцёльных інтарэсаў”.

Ураджэнец Нью-Ёрку, арцыбіскуп Браўн быў прызначаны Бэнэдыктам XVI ў лістападзе 2011 г. у якасці новага Апостальскага нунцыя ў Дублін. Раней Браўн працаваў у Кангрэгацыі Веравучэння. Яго папярэднік у Ірландыі, італьянец, арцыбіскуп Джузэпэ Леанца, пасля напружанай сітуацыі, якая склалася ў ліпені 2011 г., быў адкліканы ў Ватыкан для кансультацый, а затым у верасні прызначаны дыппрадстаўніком Святога Пасаду ў Чэшскай Рэспубліцы.

Трэба адзначыць, што “L’Osservatore Romano” вельмі шырока паведамляе аб распачацці дыпламатычнай дзейнасці новага нунцыя. Звычайна ў такіх выпадках, у ватыканскай газеце з’яўляецца толькі кароткае паведамленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.