2012-04-13 14:10:25

Біскупы ЗША пачалі кампанію за свабоду веравызнання


RealAudioMP3 Каталіцкія біскупы ЗША абвясцілі нацыянальную кампанію за свабоду веравызнання. У лісце, апублікаваным 12 красавіка, Канферэнцыя Біскупаў крытыкуе план урада ЗША, каб сродкі на так званае планаванне сям’і прызначаць з абавязковага медыцынскага страхавання. Акрамя таго, біскупы выступілі супраць абмежаванняў працы каталіцкіх арганізацый, якія займаюцца бежанцамі і дапамогай ва ўсынаўленні. Іерархі заклікалі каталіцкія парафіі ва ўсёй краіне адзначыць два тыдні, якія будуць папярэднічаць нацыянальнаму святу 4 ліпеня, як “Тыдні свабоды”.

“Свабода рэлігіі знаходзіцца пад пагрозай у нашай краіне і за мяжой”, - напісалі біскупы. Яны выказалі гатоўнасць працаваць разам з іншымі хрысціянамі, яўрэямі і прадстаўнікамі іншых рэлігій “для абароны рэлігійнай свабоды ў вольным грамадстве”. Іерархі заклікалі свецкіх католікаў актыўна ўдзельнічаць у палітыцы. Пры магчымым увядзенні абавязковага медыцынскага страхавання, біскупы заклікаюць урад не прымушаць католікаў фінансаваць тое, што супярэчыць іх сумленню. Гаворка ідзе пра кантрацэпцыю і стэрылізацыю.

Абмежаваннем рэлігійнай свабоды называюць біскупы новыя законы, прынятыя ў некаторых штатах, якія дапамогу нелегальным эмігрантам класіфікуюць як крымінальнае злачынства. Гэтыя законы забараняюць душпастырства і кансультацыйныя паслугі. Каталіцкая дабрачынная дзейнасць для эмігрантаў і бежанцаў была пазбаўлена дзяржаўнай падтрымкі, бо Касцёл адмовіўся папулярызаваць кантрацэпцыю і аборты.

Біскупы крытыкуюць таксама закрыццё каталіцкіх арганізацый, якія займаліся дапамогай ва ўсынаўленні дзяцей. Яны былі вымушаны прыпыніць дзейнасць, паколькі адмовіліся дапамагаць у дадзеным пытанні аднаполым парам. Іерархі заклікаюць вернікаў не заплюшчваць вочы на падобную дыскрымінацыю і бароцца за свае законныя правы.







All the contents on this site are copyrighted ©.