2012-04-12 12:37:46

Пакістанскі святар адкрыта выступіў супраць насілля над жанчынамі


RealAudioMP3 Святар з Кангрэгацыі айцоў Каміліянаў у Пакістане адкрыта выступіў супраць насілля над жанчынамі ў краіне, у тым ліку супраць з’явы так званых “забойстваў гонару”. Па словах айца Муштака Ан’юма, Пакістан “з’яўляецца адной з самых небяспечных краін у свеце для жанчын”. “Тут патрэбныя вельмі моцныя меры, якія могуць спыніць усе віды насілля ў адносінах да жанчын”, - заявіў святар агенцтву “Fides”. Апошнія дадзеныя Камісіі па правах чалавека ў Пакістане сведчаць аб росце забойстваў жанчын сваімі мужамі ці сваякамі мужчынскага полу. У 2011 г. стала вядома аб 943 выпадках, калі пакістанскія жанчыны былі забіты ў выніку прычынення нібыта ганьбы для сваіх сем’яў, так званыя “забойствы гонару”. У некаторых выпадках жанчыны перад забіццём былі згвалтаваныя, што было ўжыта як від пакарання.

У 2011 і 2012 гадах парламент Пакістана прыняў законы, накіраваныя на спыненне дыскрымінацыі жанчын, такой як прымусовыя шлюбы ці перадаванне ў спадчыну.

Але, як адзначыў айцец Ан’юм, насілле разглядаецца ў Пакістане як асабістая справа кожнага ў сям’і, а не як злачынства. Гвалт у адносінах да жанчын таксама застаецца беспакараным у многіх выпадках, калі яно здзейснена сваяком мужчынскага полу.







All the contents on this site are copyrighted ©.