2012-04-11 16:05:50

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: уручэнне запаленай свечкі


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб сакрамэнце хросту, а дакладней аб тых жэстах, знаках і малітвах, якія яго суправаджаюць. У сённяшняй праграме мы паразважаем аб чарговым этапе абраду – уручэнні запаленай свечкі. Пры хросце выкарыстоўваюцца дзве свечкі: адна вялікая, якая называецца пасхал, а другая маленькая. Ад пасхала святар, ці той, хто яму дапамагае, запальвае свечку для хросту, а затым уручае яе бацькам ці хросным. Гэта вельмі сімвалічны жэст. Пасхал, выкарыстоўваецца таксама падчас Велікоднай літургіі. У пасхальную ноч святар запальвае гэту вялікую свечку, а затым заносіць у цёмны касцёл. Ад пасхала запальваюць свае свечкі сабраныя на літургіі вернікі. Так святло напаўняе ўсю святыню і сімвалізуе перамогу Бога над цемрай і грахом. Пасхал сімвалізуе Хрыста – святло і полымя, якое асвятляе ўсё навокал. Так, падчас хросту святло Хрыста перадаецца таму, хто прымае гэты сакрамэнт.

У наш час мы рэдка адчуваем небяспеку, якую нясе ў сабе адсутнасць святла. Амаль у любым месцы нам дастаткова націснуць на кнопку і святло запальваецца. Але калі такой магчымасці няма, можна вельмі добра адчуць сваю бездапаможнасць. Такая аналогія можа нам дапамагчы адчуць, што адбываецца ў нашым сэрцы, калі ў яго не увайшло святло. Колькі гузакоў можна набіць, дзейнічаючы навобмацак, не бачачы сапраўднага шляху ці рэальнай небяспекі. Святло нам вельмі неабходна. Але яшчэ варта ведаць, што з’яўляецца сапраўдным святлом.

На працягу апошніх двух стагоддзяў, гэтым святлом чалавек лічыць свой розум. Але нам вядома, што перад абліччам некаторых пытанняў, якія нам ставіць жыццё, розум бездапаможны. Чалавек, кіруючыся выключна святлом розуму, можа прайсці толькі па пэўнай абмежванай “тэрыторыі”, зразумець толькі нейкі аспект сітуацыі. Далей гэтае святло не будзе мець карысці. Бо тое, што невядома – пужае чалавека, і ён ў канцы канцоў пойдзе па вядомым яму шляху. Чалавек баіцца ўвайсці ў цемру невядомасці, бо не мае святла, якое можа яе знішчыць. Ахрышчаны атрымлівае ў дар святло, здольнае асвяціць нават самыя схаваныя куткі нашага існавання, самыя цёмныя месцы і сітуацыі. Ён атрымлівае святло Хрыста, які памірае, але дае жыццё, дазваляе сустрэцца з іншымі, з самім сабой, з тым, што нас пужае і ўбачыць гэта ясна.

Свечка, якую ўручаюць новаахрышчанаму запальваецца ад пасхала. Гэта сімвалізуе тое, што святло для нашага жыцця мы павінна здабыць не самі. Створцам святла з’яўляецца Бог. Менавіта святло было самым першым творам Бога, аб чым кажа кніга Быцця.

Божае святло неабходна чалавеку. На працягу свайго жыцця чалавек будзе тысячы разоў мець неабходнасць у ім. Будуць узнікаць сітуацыі, калі здавалася б усё згублена, надарэмна, а навокал толькі цемра і смерць. Але Хрыстус, які уваскрос з памерлых, сваім святлом паказвае нам, што там, дзе раней была смерць, ёсць жыццё, там дзе была цемра – цяпер святло. Запальванне свечкі ад пасхала сімвалізуе зварот да Бога, жаданне сягаць глыбей за тое, што можа патлумачыць наш розум, жаданне атрымліваць святло ад Бога. Толькі Бог здольны патлумачыць, як трагедыя можа ператварыцца ў ласку, перажытая несправядлівасць стаць крыніцай любові. Хрыстус, з самай радыкальнай несправядлівасці, якой было Яго ўкрыжаванне, змог зрабіць сапраўдны, дасканалы і найшляхетнейшы ўчынак – збавіць усіх людзей.

Падчас хросту, свечка, якая сімвалізуе святло Хрыста, перадаецца бацькам і хросным. Менавіта на іх ляжыць адказнасць за тое, каб паказаць дзіцяці шлях да сапраўднага святла. Святар кажа: “Дарагія бацькі і хросныя, вам давяраецца захоўваць гэта святло, каб ваша дзіця заўсёды паступала як дзіця святла”. Валоданне святлом Хрыста ўплывае на стыль паводзінаў і на новую натуру чалавека. Цікава, што з абрадам хросту звязана евангельскае апавяданне перададзенае св. Мацвеем. У ім апавядаецца аб 10 паннах, якія павінны былі сустрэць жаніха і правесці яго на вяселле. Яны выйшлі з лампамі ў руках. 5 з іх былі разумнымі і добра падрыхтаваліся да цырымоніі – яны напоўнілі лампы алееем і ўзялі яшчэ дадатковую яго колькасць, а іншыя 5 аднесліся да задання павярхоўна і ўзялі замала алею. У выніку, калі жаніх прыйшоў, лампы апошніх згаслі.

Падобна адбываецца ў жыцці кожнага чалавека. Хрост – гэта толькі “лампа”, у якую заўсёды неабходна падліваць алей – здольны падтрымліваць агонь нашай веры. Такім алеем для чалавека з’яўляецца малітва, Божае Слова, навучанне Касцёла, споведзь, Эўхарыстыя, знаёмства з жыццём святых і многае іншае. Неабходна заўсёды клапаціцца аб тым, каб лампа, запаленая ў дзяцінстве ня згасла. Трэба заўсёды падтрымліваць агонь у ёй, заўсёды чэрпаць ад таго, хто сваёй перамогай над цемрай асвяціў жыццё кожнага чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.